На ліквідацыю наступстваў урагану на Гомельшчыне адправілі амаль 500 чалавек з судзімасцю

На нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме з удзелам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова паведамілі, што ў Гомельскай вобласці на ліквідацыю наступстваў урагану, які пранёсся над яе тэрыторыяй 13-14 ліпеня, адправілі людзей, якія не працуюць і стаяць на ўліках у крымінальна-выканаўчых інспекцыях, а таксама адбываюць пакаранне на «хіміі» і знаходзяцца ў ЛПП.

25.07.2024 / 17:08

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падчас нарады. Скрыншот з відэа

Паводле агучаных звестак, 16 ліпеня ў работах па аднаўленні пацярпелых рэгіёнаў узялі ўдзел 474 грамадзяніна, якія маюць судзімасць. Па ўзгадненні з мясцовымі органамі ўлады яны дапамагаюць прыбіраць галіны, лісце, смецце і прыводзяць дарогі ў бяспечны для руху стан, паведамляе МУС.

Па словах першага намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў — начальніка ўпраўлення аператыўна-рэжымнай працы Івана Мысліцкага, па стане на раніцу 25 ліпеня ўдзел у разборах завалаў, рамонтных і падсобных работах у вобласці прынялі 272 чалавекі, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу і знаходзяцца ў ЛПП.

На ўборку таксама накіраваныя каля 100 вайскоўцаў в/ч 5525, паведаміў першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі — начальнік штаба Аляксандр Быкаў. 

Пасля разбуральнага ўрагану да Мазыра падвядуць яшчэ адну ЛЭП

Лукашэнка вызначыў дэдлайны для ліквідацыі наступстваў урагану

Круты: Бог паслаў ураган, каб прэзідэнт парадаваўся, што створаная ім сістэма выстаяла

Лукашэнка загадаў адпраўляць на ліквідацыю наступстваў урагану палітзняволеных

Nashaniva.com