150 рублёў за каробку «Луі Вітон»: як беларусы спрабуюць зарабіць на продажы ўпакоўкі люксавых брэндаў

У руплівага гаспадара нічога не прападзе. На анлайн-барахолках беларусы прадаюць пакеты і каробкі ад люксавых (і не толькі) брэндаў. Няўжо іх нехта купляе? Падобна, што так.

27.07.2024 / 11:41

Фота з сайта «Куфар»

Паглядзелі, якія прапановы ёсць на «Куфары». Адна з першых аб’яў, якую выдае пляцоўка, — брэндавы пакет Chanel. Прадавачка з Мінска хоча атрымаць за яго 10 рублёў і пазначае, што выкарыстоўваць яго можна як афармленне для падарунка, дадатак да прадукцыі Chanel ці элемент дэкору.

Жанчына з Рэчыцы гандлюе папяровымі пакетамі таннейшых брэндаў — Zara ды H&M. Кошт трэба ўдакладняць, але прадавачка гатова даслаць тавар у любое месца Беларусі поштай.

Яшчэ адна жыхарка беларускай сталіцы выставіла на продаж шмат папяровых пакетаў — ёсць брэнды Nike, Adidas, Tommy Hilfiger, Victoria’s Secret, Ralph Lauren, Intimissimi, L'Occitane. А вось Gap ужо нехта набыў. За любы з пакетаў жанчына просіць 5 рублёў.

Скрыншот сайта «Куфар»

Але больш за астатніх прапаноўвае нехта са сталічнай Грушаўкі. Там выбар брэндаў і памераў пакетаў уражвае. Прадавец падышоў да продажу з усёй адказнасцю і нават пазначыў памер кожнага лота ў сантыметрах. Пакет Yves Rocher каштуе ўсяго рубель, скрынка Gold Apple — 3 рублі. А пакеты Lacoste — па 10 рублёў.

Дзелавы мужчына з Наваполацка прадае дзевяць пакетаў адносна бюджэтных брэндаў кшталту Pull and Bear за 20 рублёў. Ён удакладняе: «Ідэальны стан, пакетам роўна тыдзень. Падыдуць для фотасесій і ў цэлым дэкору. Продаж толькі камплектам, без гандлю».

Брэндавыя скрыначкі таксама можна знайсці ў продажы. Напрыклад, калі вам для чагосьці патрэбна каробка 15-га айфона, то такія прадаюць у Цэнтральным раёне Мінска па 10 рублёў за штуку. А вось каробку ад тэлефона Huawei P9 ды яшчэ разам з сіліконавым заводскім чахлом уласнік гатовы аддаць усяго за 5 рублёў.

Фанатка ўпрыгожанняў Pandora з Магілёва прапаноўвае набыць 7 пустых скрыначак оптам за 10 рублёў. А ў Гомелі нехта прадае пакет з лагатыпам Pandora за 3 рублі.

Прадавец з Гомеля гатовы аддаць каробкі з-пад брэндавага абутку. Прапаноўвае Gucci, Lacoste, Balenciaga, Adidas: «Абутак захоўваю ў іншых кантэйнерах, каробкі не патрэбныя. Кошты ад 5 да 10 рублёў за скрынку (у залежнасці ад яе стану). Таксама ёсць пылавікі ад брэндавага абутку і сумак і этыкеткі».

Але найбольш дарагія прапановы знайшліся ў Цэнтральным раёне Мінска. Там жанчына прадае вялікую каробку Louis Vuitton аж за 150 рублёў. Да яе ж можна дакупіць пакет за 30. А за брэндавую каробку Hermes прадавачка хоча 50 рублёў.

Ці ёсць попыт на такі тавар? Выглядае, што так, бо час ад часу ў аб’явах сустракаюцца ўдакладненні, што той ці іншы лот з фота ўжо нехта набыў.

«Прадам айфон, не спадабаўся колер». На «Куфры» перапрадаюць навагоднія падарункі

«Восень у акенцы». Квітнее незвычайны бізнэс: бацькі набываюць дзецям гатовыя вырабы на працу і маляванне

«Прасцей выкінуць, чым прадаць». Беларусы абмяркоўваюць неадэкватных пакупнікоў з інтэрнэт-барахолак

Nashaniva.com