На тэрыторыі Румыніі ўпаў расійскі дрон

Румынскія вайскоўцы працягваюць пошукі абломкаў у іншых раёнах.

25.07.2024 / 13:37

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны Румыніі пацвердзіла, што каля горада Плаўру, размешчанага каля мяжы з Украінай, былі знойдзены абломкі расійскага беспілотніка-камікадзэ, піша Бі-бі-сі.

У паведамленні, апублікаваным на сайце румынскага абароннага ведамства, сказана, што спецыялісты ведамства знайшлі абломкі на адным з трох магчымых месцаў падзення расійскіх дронаў.

Яны ідэнтыфікаваны як фрагменты беспілотніка тыпу «Герань1/2», сказана ў паведамленні.

Па звестках СМІ, беспілотнік «Герань» — аналаг дрона тыпу «шахед», які Расія спачатку атрымлівала ад Ірана, а затым пачала вырабляць самастойна.

Румынскія вайскоўцы працягваюць пошукі абломкаў у іншых раёнах.

«Мы падкрэсліваем, што ўсе лакацыі, ідэнтыфікаваныя як магчымыя раёны інцыдэнтаў, размешчаны за межамі населеных раёнаў і там няма элементаў інфраструктуры», — піша Міністэрства абароны Румыніі.

Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што ў ноч на чацвер збіць удалося 25 з 38 дронаў, а яшчэ тры былі «лакацыйна страчаныя пасля перасячэння дзяржаўнай мяжы з Румыніяй». Расія гэтыя звесткі не каментавала.

Nashaniva.com