У Маскве затрымалі гендырэктара будаўнічай кампаніі Мінабароны Расіі

Яго падазраюць у злоўжыванні паўнамоцтвамі пры выкананні дзяржабаронзаказу.

25.07.2024 / 09:54

У Маскве затрыманы генеральны дырэктар вайскова-будаўнічай кампаніі Мінабароны Расеі Андрэй Бялкоў.

Яго падазраюць у злоўжыванні паўнамоцтвамі пры выкананні дзяржабаронзаказу, а менавіта ў закупцы тамографа завышанымі коштамі для ведамаснага лячэбна-дыягнастычнага цэнтра. Шкода ацэньваецца ў дзясяткі мільёнаў расійскіх рублёў, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на «Коммерсант».

Адзначаецца пры гэтым, што на момант здзяйснення меркаванага злачынства быў кіраўніком іншай ваеннай арганізацыі — «галоўнага ваенна-будаўнічага ўпраўлення па спецыяльных аб'ектах», і што працу затрыманага курыраваў арыштаваны раней па абвінавачванні ў карупцыі намеснік міністра абароны Цімур Іваноў.

Крыніцы «Коммерсанта» сцвярджаюць, што раней ён ужо меў зносіны са следчымі ў сувязі з крымінальнай справай аб махлярстве ў асабліва буйным памеры супраць яго знаёмай Алены Ляховіч і яе галоўнага бухгалтара Віктара Білько. Іх затрымалі летась у кастрычніку, цяпер абодва знаходзяцца пад хатнім арыштам. Іх справа таксама звязана з выкананнем кантракта на пастаўку і мантаж тамографа.

Nashaniva.com