«Дачка Мара плакала ад гора». У Маладзечне дружалюбны лабрадор нечакана для ўсіх з'еў нутрыю Капібару — усеагульную любіміцу
У Маладзечне ў прыватнай сажалцы падворка на вуліцы з прыгожай назвай Уладзіслава Сыракомлі два тыдні таму пасялілася нутрыя. І калі гаспадары разам са сваёй кацінай кампаніяй амаль пасябравалі з ёй, жывёліну нечакана для ўсіх з'еў суседскі лабрадор. Пра абставіны прыгожай гісторыі, якая скончылася самай сапраўднай трагедыяй — рэпартаж Kraj.by.
25.07.2024 / 08:19
Дом мужа і жонкі Вольгі і Яна знаходзіцца на вуліцы Уладзіслава Сыракомлі проста за стадыёнам сярэдняй школы №9. У сям'і двое дзяцей. 18-гадовы сын Марк вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, а 14-гадовая дачка Мара перайшла ў дзявяты клас дзявятай школы.
Проста на падворку — зусім маленькая затое свая сажалка. Вадаём і прылеглую да яго тэрыторыю Вольга называе «дзікай». Усё, што тычыцца «цывілізаванага» падворка паблізу дома — гэта яе, Вользіна вотчына. Мужу Яну застаецца «дзікі» кавалак зямлі. Але затое ён тут паўнапраўны гаспадар.
У сажалцы Ян разводзіць карасёў, побач раскладвае з сябрамі вогнішча. А на беразе вадаёма вырошчвае цэлы хвойны лес.
— Нутрыя пасялілася ў нашай сажалцы прыкладна два тыдні таму. Ва ўсякім выпадку, менавіта тады мы ўпершыню ўвесь час сталі чуць там нейкае варушэнне, нейкія гукі, — распавядае Вольга. — Нам не прывыкаць, што сажалка жыве сваім жыццём. Там жа карасі водзяцца. А аднойчы яны сталі знікаць. Спачатку лавіліся з нейкімі абгрызенымі бакамі, а потым зусім перасталі лавіцца. Затое потым мы выцягнулі з вады двухкілаграмовага шчупака. Аказалася, што ён і з'еў ўсіх карасёў.
— Дык вось, нашага новага жыхара сажалкі мы ў першы раз убачылі каля тыдня таму. Думалі, што гэта бабёр запрасіў яго сюды пажыць.
— Жывёла толькі ледзь-ледзь паказвалася з вады. Нас навучылі: каб вызначыць, што за звер, трэба ўбачыць яго хвост. Потым ужо стала ясна: гэта — нутрыя, — сказала Вольга.
— Я думаю, што нутрыю хтосьці трымаў у сябе, і яна проста збегла да нас, — выказаў сваю версію Ян.
Вольга распавядае, што дачка Мара заўсёды хацела сабе капібару — грызуна з Паўднёвай Амерыкі. І раптам, як па замове, проста каля дома з'явілася нутрыя. Ну, чым не капібара? З імем нават прыдумваць нічога не прыйшлося. Новую суседку так і назвалі — Капібара.
Паколькі нутрыя — начная жывёла, то днём гаспадары яе не бачылі. А вось увечары сталі ладзіць на Капібару фотапаляванне.
Мара на беразе сажалкі наогул магла заседжвацца за поўнач. Пастаянна каля дома Вольгі і Яна жывуць два каты і кошка. Першы кот з сабачымі звычкамі і сабачай жа мянушкай Шарык.
Другога хвастатага-паласатага мужчынскага полу клічуць Шуша.
А яшчэ ў гэтых дваіх ёсць сяброўка па мянушцы Жулька.
Уся кампанія ставілася насцярожана да новай суседкі, падазраючы, што зараз з ёй прыйдзецца дзяліцца злоўленымі Янам карасямі. Але неўзабаве каты заўважылі, што колькасць карасёў не змяншаецца, а Капібара аддае перавагу расліннай ежы.
Пасля гэтага Шарык, Шуша і Жулька сталі добразычліва ставіцца да Капібары, заставалася толькі пасябраваць з ёй. Сяброўству не наканавана было адбыцца.
Самым жорсткім чынам не дазволіў звесці сяброўства суседскі сабака пароды лабрадор па мянушцы Лулу, з якой два каты і кошка таксама сябравалі.
— У нядзелю, 21 ліпеня, нас дома не было. У гэты дзень з'ехалі на лецішча, — распавядае Вольга. — А ў нас на суседняй вуліцы жывуць сваякі. Увечары ў нядзелю яны прыйшлі да нашай сажалкі паглядзець на Капібару. Але ўбачылі толькі, як Лулу з ёй распраўляецца.
— Вельмі дзіўна, — адзначае Вольга. — Лулу — прыязны і мілы сабака, ніколі нікому нічога дрэннага не зрабіў. У нашай акрузе ён гуляе без нагляду і сябруе абсалютна з усімі, уключаючы катоў. Такі фінал стаў нечаканым абсалютна для ўсіх, хто паспеў пазнаёміцца з нутрыяй.
Пасля трагедыі Вольга з Янам старанна абследавалі берагі сажалкі, спрабуючы знайсці хоць бы парэшткі капібары, але знайшлі толькі сляды барацьбы сабакі з нутрыяй. —
Падобна на тое, што нутрыя вельмі супраціўлялася. А нічога ад яе не засталося каля нашай сажалкі, напэўна, таму, што Лулу пацягнуў здабычу з сабой.
Па сутнасці, нутрыя — гэта ж пацук. Можа быць, менавіта таму жывёла і не спадабалася Лулу, — выказаў меркаванне Ян.