Расійскі вайсковец, якога нібыта сёння ўзарвалі ў Маскве: Я жывы, сяджу на працы

Андрэй Таргашоў распавёў расійскаму прапагандысцкаму рэсурсу RT, што даведаўся пра выбух у нібыта ягонай машыне, калі быў на працы, піша «Настоящее время».

24.07.2024 / 12:18

RT сцвярджае, што звязаўся з намеснікам начальніка радыёцэнтра спадарожнікавай сувязі Андрэем Таргашовым і той сказаў, што не мае да абсалютна ніякага дачынення да інцыдэнту з падрывам аўтамабіля ў Маскве.

Таргашоў сказаў RT, што ў яго «Ніколі не было Land Cruiser і не будзе, напэўна». Да допіса прыкладзены аўдыёзапіс.

«Я нават не пражываю ў тым раёне. Я зусім у іншым месцы пражываю», — цытуе суразмоўцы RT.

На пытанне, як прайшла яго сённяшняя раніца, Таргашоў адказаў: «Як звычайна прайшло. Устаў, на працы, працую».

Сёння раніцай тэлеграм-канал «Astra» паведаміў, што на поўначы Масквы была ўзарвана машына Toyota Land Cruiser, якая належала намесніку начальніка вайсковай часці 33790 Андрэю Таргашову. Вайсковая частка 33790 — гэта 89-ы цэнтр спадарожнікавай сувязі УС РФ.

Паведамлялася, што Таргашову, які быў у машыне, адарвала ступні і яго шпіталізавалі. У якасці доказу прыводзіліся фотаздымкі.

Машыну намесніка начальніка вайсковай часці ўзарвалі ў Маскве. Вайскоўцу адарвала ступні

Nashaniva.com