Жыхарка Салігорска выкінула сабаку з акна дзявятага паверха
Часу ў маладой сям'і на догляд за хатнім гадаванцам не хапала.
24.07.2024 / 12:08
Ілюстрацыйнае фота: Pet.yes
Салігорскі раённы аддзел Следчага камітэта ўстанаўлівае абставіны жорсткага абыходжання з жывёлай, піша БелТА.
Каля васьмі гадоў таму дзяўчынцы хросны бацька падарыў сабаку пароды чыхуахуа. Праз некалькі гадоў дзяўчынка вырасла і з'ехала ад маці ў здымнае жыллё разам з сабакам.
Яшчэ праз год яна выйшла замуж і нарадзіла дзіця. Часу ў маладой сям'і на догляд за хатнім гадаванцам не хапала. Тады дзяўчына вырашыла аддаць сабаку свайму 80-гадоваму дзеду, паабяцаўшы дапамагаць прыглядаць за жывёлай.
Пенсіянеру цяжка было даглядаць чыхуахуа, і на дапамогу прыходзіла дачка. Днём 19 ліпеня 40-гадовая жанчына вырашыла наведаць бацьку. Пажылы мужчына стаў скардзіцца сваячцы на непрыемны пах ад жывёлы і пастаянны бруд. Тады яна схапіла сабаку, падышла да адкрытага акна і выкінула гадаванца на вуліцу з дзявятага паверха.
Сведкамі такіх паводзінаў сталі прамысловыя альпіністы, якія праводзілі мантажныя работы па фасадзе дома. Яны і выклікалі міліцыю. Да прыезду следча-аператыўнай групы жанчына хутка спусцілася ўніз, забрала цела сабакі і пайшла ў невядомым кірунку.
Жанчыну затрымалі. Яна паказала, куды выкінула цела жывёлы, і патлумачыла свае паводзіны тым, што напярэдадні здарэння была засмучаная і здзейсніла жорсткі ўчынак на эмоцыях ад скаргаў бацькі, стомленасці і выпітага спіртнога.