Залужны: Адзіным выхадам у вайне можа стаць павелічэнне колькасці чалавечых рэсурсаў
Былы галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны, а цяпер пасол у Вялікабрытаніі Валерый Залужны выступіў на канферэнцыі Каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў RUSI Land Warfare Conference 2024 у Лондане.
23.07.2024 / 12:33
Фота: тэлеграм-канал Валерыя Залужнага
Гэта першы публічны выступ Залужнага пасля пачатку працы на новай пасадзе, тэкст прамовы ён апублікаваў у сваім тэлеграм-канале.
Залужны ў прамове заявіў, што дэмакратычныя краіны павінны прачнуцца і вырашыць, як абараніць сваіх грамадзян, а грамадства ў выпадку вайны мусіць адмовіцца ад часткі свабод.
«Вайна — гэта навука. Навука са сваімі законамі, якія неабходна ведаць і вывучаць. Гісторыя вайсковай справы і яе новыя правілы цяпер пішуцца на тэрыторыі Украіны», — сказаў ён.
Залужны мяркуе, што вайна за свабоду ў адной краіне павінна стаць палітыкай выжывання дэмакратыі ў іншых свабодных краінах: «Заўсёды цяжка змагацца з арміяй феадала».
Вайсковец адзначыў, што 24 лютага 2022 года ўкраінцы ўступілі ў жорсткую бітву з адвечным ворагам і дзякуючы жыццям простых украінцаў заваявалі шанец перамагчы.
«Я абсалютна згодны, што расійска-ўкраінская вайна — гэта яшчэ не вайна будучыні. Гэта ўсяго толькі вайна пераходнага перыяду. Але менавіта наша вайна фармуе новыя правілы», — сказаў ён.
Залужны заявіў, што калі разглядаць тэхналогіі як рэсурсы, то на сённяшні дзень, у сілу розных прычын, ні Украіна, ні Расія не змогуць самастойна авалодаць імі ў бліжэйшы час, таму «адзіным выхадам можа стаць павелічэнне колькасці чалавечых рэсурсаў, задзейнічаных у ваенных дзеяннях».
Ва Украіны не хапае тэхналогій, а ў яе партнёраў на Захадзе няма прыкладнога і практычнага поля для іх праверкі. Таму «толькі разам мы зможам эфектыўна выкарыстоўваць рэсурс, бо час больш не працуе на нас», — рэзюмаваў ён.
***
Валерый Залужны быў галоўнакамандуючым УСУ з ліпеня 2021 года. Менавіта на яго лёг асноўны цяжар абароны ў лютым — сакавіку 2022 года, а потым і першыя два контрнаступы.
У лютым 2024 года Уладзімір Зяленскі адправіў яго ў адстаўку, замяніўшы Аляксандрам Сырскім. Перад адстаўкай Залужнага ўкраінскія і заходнія СМІ некалькі месяцаў паведамлялі пра канфлікт Зяленскага з галоўнакамандуючым УСУ.
9 мая Зяленскі прызначыў Залужнага паслом у Вялікабрытаніі.
Валерый Залужны пачаў працу паслом Украіны ў Вялікабрытаніі ФОТАФАКТ
Зяленскі звольніў Залужнага з вайсковай службы па стане здароўя