Беспілотнікі атакавалі порт у Керчанскім праліве
Пад удар трапіў порт, які забяспечвае паромную пераправу праз Керчанскі праліў, там жа размешчаны грузавы тэрмінал для перавалкі экспартнай нафты. Адзін чалавек загінуў, некалькі пацярпелі, піша РБК.
23.07.2024 / 10:27
Фота: Efrem Lukatsky / AP
Украінскія беспілотнікі атакавалі паромнае судна ў порце Каўказ, пачаўся лакальны пажар, пагрозы распаўсюджвання агню няма, паведаміў Краснадарскі губернатар Веніямін Кандрацьеў.
«На жаль, сярод членаў экіпажа і супрацоўнікаў порта ёсць пацярпелыя і загінулы. Выказваю шчырыя спачуванні родным і блізкім. Пацярпелым аказваюць усю неабходную дапамогу»,-напісаў кіраўнік рэгіёну ў тэлеграм-канале.
Порт Каўказ знаходзіцца ў Керчанскім праліве, пасажырскі тэрмінал забяспечвае паромную пераправу паміж Крымам і Краснадарскім краем і лічыцца адным з найбуйнейшых у Расіі. Акрамя таго, праз яго праходзяць кантэйнерныя, сухія, вадкія і сыпкія генеральныя грузы, грузавы тэрмінал здольны перавальваць вялікія аб'ёмы нафты на экспарт.
Порт размешчаны прыкладна за 12 км на поўнач ад Крымскага моста.