«Калі б мне плацілі — сядзела б і чытала людзям кнігі, нават за малыя грошы». Інтэрв’ю з актрысай Зояй Белахвосцік
Унікальная актрыса, таленавіты педагог. А вось тое, што Зоя Валянцінаўна яшчэ і малюе, ведаюць нямногія. Мала таго, яна сваімі рукамі робіць цудоўных лялек! Іх нават можна было ўбачыць у спектаклі «Плошча Перамогі», які летась Незалежныя купалаўцы паставілі разам з Аляксандрам Гарцуевым. А калі мы сустрэліся, Белахвосцік увогуле выдала: «Мая прафесія — чытальніца! Калі б мне плацілі — сядзела б і чытала людзям. Нават за невялікія грошы», піша «Будзьма»
23.07.2024 / 09:07
Зоя Белахвосцік
— Дак вы кажаце, што чыталі б людзям з не меншым здавальненнем, чым гралі б на сцэне?
— Прыходзіла б сюды ў «Кнігаўку», людзі падсаджваліся б да мяне, а я б чытала, чытала ім уголас…
— Вы з такім задавальненнем і натхненнем зараз разглядалі кніжныя паліцы, з такой амаль дзіцячай цікавасцю гарталі кніжкі.
— Я сюды пратаптала шляхі, стараюся заходзіць, купляць усё, што мне трэба — для душы, для сэрца майго. Сёння вось набыла «Зэлмэняне» Мойшы Кульбака. Гэта поўнае выданне, без скарачэнняў, без цэнзуры. Я прыстойны чалавек, я беларуска, мне трэба ведаць.
— У інтэлігенцыі заўсёды прысутнічае гэты культ чытання?
— У мяне ўсё ад бацькоў. Дома была вялікая бібліятэка, так што ўсе мапасаны, драйзеры, купалы і стэндалі — ад першай і да апошняй старонкі. Мама заўсёды казала, што ў нас поўныя зборы твораў не дзеля таго, каб яны стаялі, а дзеля таго, каб іх чытаць. І дзякуй бацькам. Дзякуй, што я наогул нарадзілася ў сям’і, дзе такія рэчы былі важнейшыя за грошы і за ўсё астатняе.
Зараз у мяне складаны і дзіўнаваты перыяд, таму што мне стала цяжка чытаць. Здарыўся 2020 год, і… я не ведаю, як гэта растлумачыць. Але я пакрысе вяртаюся. Не так, як раней, калі за дзень магла праглынуць палову вялікай кнігі. Стала эканоміць, ашчаджаць. Вось чытаю цяпер на беларускай мове «Гары Потэра» і думаю, а што ж я буду рабіць, калі скончыцца першы том? Таму расцягваю асалоду.
«У кастрычніку паставім з купалаўцамі «Экстрэмістаў» Юлі Цімафеевай»
— Як вам падаецца, у каго з сённяшніх беларускіх пісьменнікаў магутны тэатральны патэнцыял?
— Я думаю, што гэта залежыць ад асобы рэжысёра ці самога аўтара, які будзе здатны напісаць інсцэніроўку. Бо гэта асобная прафесія, і далёка не ўсе ўмеюць рабіць такія тэксты. З рэжысёраў цудоўна з гэтым спраўляецца Аляксандр Гарцуеў: яго прымусіла жыццё. Ён заўсёды чытаў вельмі шмат прыгожай літаратуры і хацеў увасобіць яе на сцэне.
— Якая будзе наступная прэм’ера «Купалаўцаў», а самае галоўнае — калі? Ёсць адчуванне, што зараз вас стала нібыта менш…
— Пакуль што мы жывыя. І мы працуем. У нас будзе прэм’ера ў кастрычніку, і я думаю, ужо можна сказаць, што гэта будуць «Экстрэмісты» Юлі Цімафеевай. Спадзяемся, што ў нас атрымаецца зрабіць нешта цікавае. Рыхтуемся, збіраем усе свае здольнасці і таленты. А далей паглядзім.
Зоя Белахвосцік з выдаўцом Андрэем Янушкевічам у кнігарні «Кнігаўка»
— Юля Цімафеева — вашая аўтарка? Адчуваеце яе, разумееце?
— Я зусім нядаўна прачытала яе «Мінскі дзённік», і ў мяне аж усё перавярнулася. Усё перавярнулася… Як важна, каб мы мелі такіх людзей, якія могуць зняць кіно нашай псіхафізікі, нашых думак, нашай памяці. Занатаваць гэта ўсё на тых пергаментах ці ракавінках, якія маюць на сабе адбіткі мільёнаў гадоў.
Так і тут — усё застанецца. Застанецца гэты неверагодны боль: каб не забыць, каб помніць назаўсёды.
«Ёсць задума, каб напісаць мемуары»
— Ці навучыліся вы жыць ізноў за апошнія тры гады?
— Вельмі складана мне было. Я думаю, што я толькі нядаўна крышачку разняволілася, крышачку перастала ўсяго баяцца, ад усяго ўздрыгваць. Гэта ўсё мне стала больш знаёмым і больш прывычным, як кажуць. Мне і на сваёй радзіме было даволі складана. Я з тых людзей, хто лепш сыграе 100 спектакляў, чым адзін раз сходзіць у ЖЭС. Для мяне гэта проста жах, а тут трэба вырашаць у інстанцыях столькі пытанняў. Зрэшты, цяпер мы прызвычаіліся. Галоўнае, каб не назаўжды.
Я веру, што калі-небудзь мы будзем дома, і быць можа, гэта адбудзецца раней, чым мы думаем, бо сёння нічога прадказаць немагчыма.
— Якой з вашых гераінь было б пад сілу адыграць усе тыя сюжэты, якія вам падкінула жыццё пасля 2020 года?
— Паўлінцы. Або Аленцы з «Тутэйшых». Так, напэўна, Аленка магла б усё гэта перажыць. Яны — я, і я — яны. Частка там, частка тут.
— А цяпер у вас ёсць спектакль «Мой Глеб», дзе вы граеце саму сябе. Як гэта — зноў і зноў пражываць на сцэне свой лёс, сваё жыццё?
— Няпроста. У гэтым спектаклі галоўнае трымаць тэмпарытм, бо я на сцэне 2 гадзіны. У мяне заўсёды перад «Глебам» павінен быць добры настрой, павінна быць упэўненасць. Упэўненасць, што беларусам гэта цікава. І калі я адчуваю подых і разумею, што людзі са мной побач, што яны ідуць за мной… Часамі я заўважаю, што хвалююся звыш меры. Зрэшты, потым гэтае хваляванне пераходзіць эмацыянальна ў правільную волю, правільны пасыл, і тады ты працуеш.
— Магчыма, з’явіцца тэкставая версія гэтых успамінаў?
— Ёсць задума, каб наогул напісаць мемуары. Але як кажа мой разумны і песімістычны муж: «Каму гэта трэба?» (смяецца). І ўсё ж мы пра гэта думаем. Я хачу, каб і ён напісаў свае ўспаміны, у яго ж ёсць тысяча і адна гісторыя. А можа, напішам нешта сумеснае, нейкія тэатральныя байкі. Ну а калі гэта нікому будзе не патрэбна? Што ж, застанецца проста пісаніна для ўнукаў.
«Я стала сапраўднай пенсіянеркай, якой ніколі не была»
— Што вам найбольш дорага ў цяперашніх адносінах з мужам?
— Самае галоўнае, што мы разам. Гэта тое, што можа мяне натхняць і супакойваць ва ўсім навакольным бедламе. Гэта прымушае абыходзіць нейкія вострыя вуглы і цярпець. Я адкрыла для сябе, што мужчыны складаней перажываюць тое, што можна назваць дэпрэсіяй. Таму я радуюся, што мы ўсе разам — і сястра мая недалёка, і пляменнік недалёка, і не трэба, каб сэрца рвалася. Галоўнае, каб здароўе было. Людзі ж немаладыя, і ўсе нашыя хваробы пачынаюць падаваць голас.
— Побач і дачка, выдатная акторка Валянціна Гарцуева.
— Я думаю, што цяпер мы сталі больш блізкія, і ў гэтай эміграцыйнай сітуацыі яна стала маёй мамай, а я стала яе дачкой. Без яе дапамогі нам з Аляксандрам Фёдаравічам было б вельмі цяжка. З усім, што звязана з нейкімі паперкамі і справаздачкамі, Валя нам вельмі дапамагае. Яна нас натхняе, прымушае. Тое, што «Мой Глеб» выйшаў у свет — гэта яе натхняльны прымус: «Мама, не спі ў шапку, праспіш сваю гаспадарку. Устань і зрабі!». Яна сапраўдны ў нас авен. Барацьбіт, праўдаруб, з ёй бывае складана людзям, таму што яна любіць праўду.
Бліжэй сталі адносіны. Бліжэй, цяплей. Можа, вытрыманей у чымсьці. Мая Валя цудоўная. А крытыкаваць? Дак яна сама сябе больш за ўсіх астатніх крытыкуе.
— Усе мы з часам мяняемся, але эміграцыя — гэта як правіла вельмі заўважныя трансфармацыі, і часам вельмі імклівыя. Вы адчуваеце, што змяніліся за апошнія тры гады?
— Магчыма, я больш закрылася, больш стала слімакападобная, каб нікога не раздражняць побач, каб не трыгерыць нікога.
Лепш я буду сама з сабой разбірацца, змагацца, чым вывальваць усё на родных. Бо ва ўсіх з нас ёсць вялікія праблемы, якія не вылекаваць. Так мы і будзем з гэтым жыць…
Я сур’ёзна займаюся сваімі лялькамі, нешта малюю, чытаю, гатую ежу, прыбіраю, гуляю. Я стала сапраўднай пенсіянеркай, якой ніколі не была. І перыядычна гэта бывае няблага, што я магу пайсці пагуляць, пачытаць, што мне не трэба нікуды несціся. Шыю свае лялькі, прыдумляю, выдумляю, і гэтыя лялькі забіраюць маю трывожнасць, маю скруху, каб не сумаваць, каб не плакацца, не жаліцца і не скардзіцца. Вось і ўсё.
— Вашыя лялькі мы, дарэчы, бачылі ў спектаклі «Плошча Перамогі». Яны там з’яўляюцца ў адной з самых пранізлівых сцэн…
— Мы бачым маці Лёксы ў той момант, калі яна як бы знаходзіцца на мяжы, дзе чалавеку перад тым, як ён сыдзе ад нас, нешта адкрываецца. Ён быццам паміж светам тым і гэтым, яму бачнае штосьці сапраўднае. Думаю, што ў гэты момант яна бачыла і таго Лёксу, якога любіла, выхоўвала. Бачыла ў ім цудоўнае, тое добрае, што ў ім было. І бачыла тых бесаў, якія яго захапілі. Бахарэвіч, канечне, цудоўна піша. Мне здаецца, я перачытала ўжо ўсе яго кнігі.
Зоя Белахвосцік і Мікалай Стонька ў спектаклі «Плошча Перамогі». Рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў, фота — Аляксандр Валодзін
— Але ён часта такі песімістычны, такі безнадзейны… Як пасля гэтага паверыць, што з намі ўсё будзе добра?
— Таму гэта і маё. Я не люблю камедыі. Я не люблю іх глядзець, не люблю граць.
— І гэта кажа легендарная Паўлінка?
— Але Паўлінка для мяне ніколі не была камедыяй. Для мяне гэта трагікамедыя, а нават трагедыя. Я яе ніколі не грала як камедыю. Ні-ко-лі.
«Ніколі не апускацца!»
— Маючы ўвесь гэты жыццёвы досвед, чаму б вы цяпер сталі вучыць сваіх студэнтаў? Ну, уявім такую сітуацыю.
— Гэта вельмі складанае пытанне. Складанае, таму што калі я была вельмі маладым выкладчыкам, я была вялікім рамантыкам, я ідэалізавала студэнтаў і наогул нашую супольнасць. А сёння я нават не хачу думаць аб тым, што я вярнуся да гэтай прафесіі, таму што апошнія два гады ў Акадэміі былі вельмі цяжкія. Я нават не магла працаваць са сваімі студэнтамі: на ўваходзе сядзеў міліцыянт, і мяне нейкімі таемнымі шляхамі праводзілі на рэпетыцыі. Нядаўна я бачыла сон, што мы вярнуліся, і мяне запрашаюць у Акадэмію павыкладаць. Я з жахам адмовілася, бо гэта — смерць, балота і падробка. Ва ўсім падробка. Усё ілжывае, слінявае нейкае, усё мярзотнае. Таму не. Я не думаю, што я вярнуся да гэтага. Гэта маё табу, мае траўмы, мае раны.
— Магчыма, і гэта пройдзе… Зоя Валянцінаўна, вы ішлі сюды такой прыгожай, такой шляхетнай хадой. Выкшталцоная, спакойная. Каб нягледзячы ні на што?
— Ведаеце, як казала мая бабуля? Ніколі не апускацца. Капялюшык на галаву (ніякіх хустак!), роўная спіначка і — абцасік. Так і крочым.
Усе ўзгаданыя ў тэксце кнігі і яшчэ шмат іншых цікавых выданняў можна набыць у кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве (ul. Kłopotowskiego, 4). Крама працуе з аўторка па чацвер з 11-й да 18-й, у пятніцу і суботу — з 11-й да 19-й, у нядзелю — з 12-й да 18-й гадзіны. Панядзелак — выходны.
Таксама можна замовіць кнігі анлайн у інтэрнэт-краме knihauka.com.