Палітвязня, якога перазатрымалі ў дзень выхаду на волю, асудзілі яшчэ на год
У судзе Барысаўскага раёна прайшоў суд над Сяргеем Дзецуком.
22.07.2024 / 12:59
Людміла Зінкевіч прызнала палітвязня вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначыла яму яшчэ адзін год зняволення, піша «Вясна».
Сяргей меўся выйсці на волю па заканчэнні тэрміну яшчэ ў сакавіку 2024 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы.
39-гадовага Сяргея Дзецука затрымалі ў сакавіку 2021 года. Тады сілавікі прыйшлі затрымліваць яго маці, хацелі адабраць яе тэлефон. На абарону маці стаў яе сын Сяргей.
У выніку яго абвінавацілі ў «гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 КК). Сяргею далі тры гады калоніі.
Тэрмін ён адбываў у барысаўскай калоніі № 14.