Пасля 2 гадоў зняволення выйшаў на волю старшыня АГП Мікалай Казлоў
абноўлена
Яго асудзілі ў лістападзе 2022 года да двух з паловай гадоў калоніі.
22.07.2024 / 12:40
Мікалай Казлоў у студзені 2020 года
Выйшаў на волю старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, паведаміў у фэйсбуку яго паплечнік Анатоль Лябедзька.
Мікалая Казлова першы раз асудзілі ў жніўні 2021 года да трох месяцаў арышту. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса за разгалашэнне звестак паводле крымінальнай справы супраць Каардынацыйнай рады, але канкрэтныя эпізоды абвінавачвання невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Быў вызвалены 26 сакавіка 2022 года па заканчэнні тэрміну.
27 ліпеня 2022 года Казлова зноў затрымалі. Паводле абвінавачання, Казлоў, яго паплечніцы Антаніна Кавалёва і Аксана Аляксеева 23 жніўня 2020 года «публічна выкрыквалі лозунгі, гучна апладзіравалі, знаходзіліся на праезнай частцы, чым блакавалі і перашкаджалі руху транспарту ў Мінску, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарту «Мінсктранса»
Вынік — два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мікалай Казлоў выйшаў па сканчэнні тэрміну, а не па памілаванні. Яму залічылі ў адбыты тэрмін тыя тры месяцы арышту па іншай крымінальнай справе, якія ён адбыў у пачатку 2022 года.