Забойца польскага салдата на мяжы ўстаноўлены. Ён усё яшчэ ў Беларусі

Польскія службы ўстанавілі і шукаюць забойцу польскага салдата, які ахоўваў мяжу з Беларуссю. Пра гэта паведамляе выданне RMF FM са спасылкай на свае крыніцы.

20.07.2024 / 15:13

Скрыншот відэа

Смяротнае нажавое раненне 21-гадовы польскі радавы 1-й Варшаўскай танкавай брыгады Матэвуш Сітак атрымаў 28 мая. Ён памёр 6 чэрвеня, нагадвае Reform.news.

Устаноўлена, што нападнік — выхадзец з Блізкага Усходу. Ён усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, але можа эвакуявацца ў Сірыю, лічаць польскія службы.

Следчыя ўстанавілі забойцу польскага салдата, прааналізаваўшы запісы з моманту пачатку нападаў на мяжу. Дзякуючы гэтаму ўдалося вызначыць, як выглядаў зламыснік.

Некалькі тыдняў польскія спецслужбы дапытвалі мігрантаў, якія трапілі ў Польшчу. Таксама выкарыстоўваліся інфарматары з груп мігрантаў, якія пражываюць цяпер у Беларусі. Дзякуючы гэтаму было дакладна ўстаноўлена, хто гэты мужчына.

Раней польскія ўлады патрабавалі ад беларускага рэжыму правесці расследаванне і выдаць забойцу, аднак публічнага адказу не было. Журналісты RMF FM робяць выснову, што забойства адбылося са згоды рэжыму Лукашэнкі. У гэтай сітуацыі будуць неабходныя дзеянні спецслужбаў.

Не выключана, што пасля раскрыцця інфармацыі пра яго асобу забойца ўцячэ з Беларусі ў Сірыю ці іншую блізкаўсходнюю краіну. Захапіць яго там польскімі службамі, а затым перадаць у суд, як гэта ні парадаксальна, можа быць прасцей, упэўненыя польскія журналісты.

Nashaniva.com