«Па кодавым слове «Барысаўна» выкінула ў акно €760 тысяч». 16-гадовы кур'ер забраў у дваіх пенсіянераў 2,7 млн рублёў

У Мінску вынеслі прысуд падлетку, якога абвінавацілі ў незаконным абароце сродкаў плацяжу і махлярстве, пішуць Мінск-навіны.

20.07.2024 / 12:30

Ілюстрацыйнае фота

Юнак шукаў падпрацоўку і адгукнуўся на прапанову незнаёмага інтэрнэт-карыстальніка за ўзнагароджанне аформіць на сваё імя банкаўскія карты. Пры гэтым суразмоўца запэўніў, што нічога супрацьзаконнага няма. Паверыўшы падлетак адкрыў у розных банках чатыры рахункі, а пасля паведаміў іх рэквізіты, за што атрымаў 175 рублёў.

Пасля той жа карыстальнік прапанаваў хлопцу падзарабіць яшчэ — патрабавалася ў таксіста забраць буйную суму (10 600 даляраў) і перадаць яе крыптавалютчыку. Юнак пагадзіўся і выканаў даручэнне, за што атрымаў 300 даляраў. Аказалася, грошы належалі пажылому жыхару Салігорска, якога тэлефонныя махляры пераканалі «задэклараваць» зберажэнні.

Праз тыдзень «працадаўца» папрасіў фігуранта забраць грошы ў жыхаркі вуліцы Розы Люксембург — 76-гадовая жанчына таксама стала ахвярай махляроў.

Тыя тэлефанавалі ёй з замежных нумароў, прадстаўляліся супрацоўнікамі ДФР і пераконвалі, што невядомыя з дапамогай яе пашпартных звестак спрабуюць перавесці грошы на сумнеўныя рахункі. Суразмоўца настойліва рэкамендаваў адправіцца ў найбліжэйшае аддзяленне банка і задэклараваць усе наяўныя зберажэнні, аднак жанчына адмовілася выконваць указанні.

Тады аферысты пачалі па чарзе назвоньваць мінчанцы па відэасувязі, паказвалі свае «пасведчанні» і пераконвалі прыслухацца да іх меркавання. Яны прапанавалі ёй самім забраць грошы — усяго патрабавалася загарнуць грошы ў ручнік і па кодавым слове «Барысаўна» ад пасыльнага выкінуць скрутак у акно.

Пенсіянерку задаволіў гэты варыянт. Яна сабрала ўсе сямейныя грошы: 764 500 еўра, 5 300 даляраў і 5 700 рублёў — і, дачакаўшыся каманды ад кур'ера, скінула яму пакет.

Хлопец, атрымаўшы пакет з грашыма, накіраваўся ў кавярню на вул. Максіма Багдановіча на сустрэчу з крыптавалютчыкам. Па ўказанні куратара ён узяў сабе ў якасці ўзнагароджання 5 700 рублёў, 700 еўра і 300 даляраў.

Аднак грошы да ашуканцаў так і не патрапілі — там жа, у кавярні, падлетка затрымалі. Пасля ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Віну юнак прызнаў часткова.

Хлопец на момант здзяйснення злачынства навучаўся ў 10-м класе адной са сталічных гімназій, раней праблем з законам не меў.

Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт.222 КК (незаконны абарот сродкаў плацяжу і (або) інструментаў) і ч. 4 арт. 209 КК (махлярства), і прызначыў канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады і 6 месяцаў са штрафам 30 базавых велічынь (1 200 рублёў).

Аднак у адпаведнасці з ч. 2 арт. 77 КК суд адтэрмінаваў выкананне пакарання на тры гады, абавязаўшы абвінавачанага не мяняць месца жыхарства без згоды органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі, перыядычна з'яўляцца ў міліцыю для рэгістрацыі і не выязджаць за межы горада па асабістых справах на тэрмін больш за адзін месяц.

Nashaniva.com