Сёння гадавіна самага гучнага замаху на Гітлера
Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня аперацыі «Валькірыя» — няўдалай змовы нямецкіх генералаў супраць Адольфа Гітлера. Яе лідарам быў палкоўнік вермахта Клаус Шэнк фон Штаўфенберг. Яго ўнук заяўляе пра пагрозы.
20.07.2024 / 11:56
Клаўса фон Штаўфенберга расстралялі на наступны дзень. Фота: Wikimedia Commons
У гадавіну путчу інтэрв'ю Bild даў яго 53-гадовы ўнук Карл Граф Штаўфенберг. Ён прадстаўляе ліберальную партыю Свабодных дэмакратаў у сельскай акрузе Рон-Грабфельд у Баварыі. Унук выступае супраць экстрэмізму і лічыць гэта працягам справы свайго дзеда. За гэта яму і ягоным сваякам увесь час паступаюць абразы і пагрозы ў інтэрнэце.
Ультраправыя, такія як Б'ёрн Хёке з «Альтэрнатывы для Германіі», спрабуюць прыпісаць Штаўфенберга сабе: «Яны хацелі паказаць яго як нямецкі нацыянальны сімвал, нават павесіць яго фатаграфію ў сваіх офісах — я хацеў крычаць ад гневу».
Унук упэўнены, што дзед не быў бы сёння з імі: «Ён, напэўна, быў бы ў ХДС/ХСС. Кансерватарам, але сапраўды не ў АдГ. І хоць ён перажыў крах Веймарскай рэспублікі і спачатку быў спакушаны дыктатурай, сёньня ён быў бы перакананым дэмакратам».
Галоўнай пагрозай унук лічыць падрыў сістэмы падзелу ўладаў, што ўжо адбываецца ў Польшчы і Венгрыі: «Я магу ўявіць, што і Трамп будзе імкнуцца да новага тэрміну, калі зноў будзе абраны сёлета. Уладзімір Пуцін паказаў гэты шлях у Расіі».
«У Германіі ўжо 79 гадоў пануе мір, мы жывем у свабоднай краіне, дзе кожны можа казаць і рабіць, што хоча. Але палітычна сітуацыя абвастраецца, становіцца ўсё больш папулізму. Небяспека для нашай дэмакратыі рэальная. І кожны грамадзянін абавязаны стаяць за яе захаванне. Свабоду нельга ўспрымаць як нешта, што само сабой разумеецца», — папярэдзіў Штаўфенберг.