Зяленскі павіншаваў Трампа з абраннем кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі і назваў яго прэзідэнтам

Прэзідэнт Украіны патэлефанаваў Дональду Трампу.

20.07.2024 / 07:51

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп у Нью-Ёрку ў 2019 годзе. Фота: AP Photo/Evan Vucci, File

«Я пагаварыў з Дональдам Трампам, каб павіншаваць яго з вылучэннем [у кандыдаты ў прэзідэнты ЗША] ад Рэспубліканскай партыі і асудзіць шакуючую спробу забойства ў Пенсільваніі. Я пажадаў яму сіл і абсалютнай бяспекі ў будучыні», — заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сацсетках.

Паводле яго слоў, ён казаў аб «жыццёва важнай» падтрымцы дзвюх галоўных амерыканскіх партый і дзвюх палат амерыканскага кангрэса «ў абароне свабоды і незалежнасці нашай краіны».

«Мы дамовіліся з прэзідэнтам Трампам абмеркаваць на асабістай сустрэчы, якія крокі могуць зрабіць мір справядлівым і па-сапраўднаму трывалым», — напісаў Зяленскі ў сацсетцы X (назваўшы яго менавіта прэзідэнтам, а не былым прэзідэнтам).

Дональд Трамп таксама пацвердзіў тэлефонную размову з Уладзімірам Зяленскім, піша Бі-бі-сі.

«Ён павіншаваў мяне з паспяховым правядзеннем нацыянальнага з'езда Рэспубліканскай партыі і з тым, што я стаў кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў», — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social.

Па словах Трампа, Зяленскі асудзіў замах на яго. Экс-прэзідэнт ЗША чарговы раз выступіў са сцвярджэннем аб тым, што пасля перамогі на выбарах ён зможа пакласці канец вайне ва Украіне, «якая забрала так шмат жыццяў і спустошыла незлічоную колькасць нявінных сем'яў».

«Абодва бакі змогуць сабрацца разам і дамовіцца аб пагадненні, якое пакладзе канец гвалту і пракладзе шлях да працвітання», — напісаў Трамп.

Раней Зяленскі моцна крытыкаваў Трампа за яго заявы пра Украіну і спосабы скончыць вайну.

Зяленскі мяркуе, што Трамп можа стаць «прэзідэнтам-лузерам»

Зяленскі запрасіў Трампа з'ездзіць на лінію фронту

Nashaniva.com