Стары паплечнік Лукашэнкі параўнаў яго з аяталой Хамейні. Параўнанне так сабе

Да 30-годдзя прыходу да ўлады Лукашэнкі інтэрв'ю газеце «Могилевские ведомости» даў ягоны блізкі паплечнік яшчэ з часоў працы дырэктарам саўгаса, а таксама дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце XII склікання Уладзімір Канаплёў. 

19.07.2024 / 23:20

Рухала Хамейні. Фота: Wikimedia Commons 

У 1990-я і нулявыя Канаплёў займаў высокія пасады, быў намеснікам старшыні, а пасля і старшынёй Палаты прадстаўнікоў. Аднак пасля трапіў у апалу, нават пару тыдняў пасядзеў, у выніку выкараскаўся, але ўжо амаль два дзесяцігоддзі займае толькі сціплую пасаду кіраўніка Беларускай федэрацыі гандбола.

У інтэрв'ю ён расказаў, што сябраваў з Лукашэнкам яшчэ з часоў вучобы ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, пасля жыццё іх крыху разнесла, але пасля пачатку перабудовы ў СССР, а значыць і адкрыцця магчымасці займацца публічнай палітыкай зноў звяло.

Адносна непасрэднай працы з Лукашэнкам нічога асаблівага Канаплёў не расказаў — збольшага ягоныя расказы толькі пацвярджэнне і без таго вядомых фактаў. Што і зразумела — быць асабліва шчырым, раскрываючы нейкія, магчыма, нязручныя для шэфа таямніцы апальнаму чыноўніку, які шмат ведае, даволі рызыкоўна.

Але ў фармаванне культу асобы Лукашэнкі, стварэнне якога апошнім часам асабліва заўважнае, ягоны былы сябар сваю цаглінку паклаў. Пры гэтым выкарыстаў вельмі арыгінальнае і нечаканае параўнанне:

«Цяпер ён, вядома, ужо мэтр, гэта наш беларускі Хамейні, яго выбраў народ». 

Параўнанне, трэба сказаць, дастаткова двухсэнсоўнае, калі хоць бы павярхоўна ведаць біяграфію таго чалавека, з якім Канаплёў параўнаў Лукашэнку.

Рухала Хамейні — гэта лідар ісламскай рэвалюцыі 1979 года ў Іране, стваральнік той Ісламскай Рэспублікі Іран, якая існуе сёння і з якой мае цесныя палітычныя сувязі Лукашэнка.

Вось толькі народ яго ніколі не абіраў нават фармальна, ды і сама рэлігійная пасада Найвышэйшага кіраўніка Ірана (рахбара), якую займаў Хамейні, гэтага не прадугледжвае.

Усенародна абіраюцца і пераабіраюцца ў Іране, прытым рэгулярна ды ў сапраўды канкурэнтнай барацьбе, хай сабе і толькі ў рамках сістэмы, толькі свецкія прэзідэнты, а рахбары прызначаюцца пажыццёва. Іх і было за ўсю гісторыю Ісламскай Рэспублікі Іран пакуль толькі двое: цяперашні лідар, 85-гадовы Алі Хаменеі, заняў гэтую пасаду 3 чэрвеня 1989 года, пасля смерці 89-гадовага Хамейні.

А прыйшоў у свой час да ўлады Рухала Хамейні такім спосабам, за адну думку пра які беларусы сёння атрымліваюць ад лукашэнкаўскіх судоў вялікія тэрміны зняволення і гнаяцца ў нялюдскіх умовах у турмах — у выніку народных пратэстаў зрынуўшы ўладу шаха Махамеда Рэза Пехлеві, які перад тым кіраваў краінай больш чым 37 гадоў, з 1941 па 1979 гады.

Прытым, як вішанька на торце, перад прыходам да ўлады гэты чалавек быў, карыстаючыся паўафіцыйнай тэрміналогіяй лукашэнкаўскага рэжыму, «збеглым». З 1964 па 1979 год Хамейні жыў у вымушанай эміграцыі ў Турцыі, Іраку і Францыі, атрымліваючы ў тым ліку і рознага кшталту падтрымку ад замежных урадаў для барацьбы з тагачаснай празаходняй іранскай манархіяй.

Лукашэнка загадаў адпраўляць на ліквідацыю наступстваў урагану палітзняволеных

«Не хочуць разумець, што гэта вайна!» Лукашэнка выказаў прэтэнзіі пацярпелым ад буры

Лукашэнка даручыў арганізаваць «маштабную рэвізію заканадаўства»

Прэзідэнт Кубы запрасіў Лукашэнку на «Востраў свабоды» і паабяцаў там яго цёпла сустрэць

Nashaniva.com