Актывісту Юрыю Шчучко завочна далі пяць гадоў
Суд Лоеўскага раёна ў парадку спецвытворчасці разглядзеў крымінальную справу ў дачыненні да 45-гадовага Юрыя Шчучко. Суддзя Іван Цалкоў 18 ліпеня завочна асудзіў рэчыцкага актывіста да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Вясна».
19.07.2024 / 17:22
19.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, ціск, рэпрэсіі
Юрый Шчучко
Юрыя Шчучко прызналі вінаватым паводле некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- арт. 188 («паклёп»);
- ч. 3 арт. 203-1 («незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»);
- ч. 1 і 2 арт. 340 («загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы»);
- ч. 1 арт. 366 («гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі доўг»);
- ч. 1 арт. 368 («абраза Лукашэнкі»);
- арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады»);
- арт. 391 («абраза суддзі альбо народнага засядацеля»).
Па суме ўсіх абвінавачанняў мужчыну асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і шасці тысяч рублёў штрафу.
Таксама ад Юрыя Шчучко хочуць атрымаць кампенсацыю маральнай шкоды цэлы шэраг цяперашніх рэчыцкіх міліцыянтаў і жонкі некаторых з іх. Гэта 21 чалавек, кожнаму з якіх прысудзілі ад адной да шасці тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Апроч таго, са Шчучко хочуць спагнаць 3557 рублёў у даход дзяржапарату.
Юрый Шчучко выехаў з Беларусі ў верасні 2020 года. Спачатку ён жыў ва Украіне, дзе займаўся грамадскай дзейнасцю, а пасля ўварвання туды расійскіх войскаў пераехаў у Польшчу.