У Мінску будуць судзіць вядомага канцэртнага фатографа

22 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінска адбудзецца працэс над канцэртным фатографам і музыкам Дзмітрыем Сачыўкам. Яго абвінавачваюць па «народным» артыкуле аб удзеле ў пратэстах, даведалася «Люстэрка».

19.07.2024 / 16:35

Дзмітрый Сачыўка. Фота з сацсеткі

Пасяджэнне пачнецца ў 10.30 і пройдзе ў адкрытым рэжыме, судзіць будзе Вольга Емяльянчанка.

Мужчыну абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 342 КК — «Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый». Па гэтым артыкуле судзяць многіх шараговых удзельнікаў пратэстаў 2020 года.

Дзмітрыю Сачыўку пагражае пакаранне ў выглядзе арышту альбо, што больш верагодна, абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін да 4 гадоў. Ці знаходзіцца мужчына пад вартай, невядома. У сацсетках ён не з'яўляўся больш за месяц.

Дзмітрый Сачыўка — музыка і фатограф, у першую чаргу вядомы здымкай рок-канцэртаў. Таксама ён быў журналістам сайта BelMetal. Нядаўна яму споўнілася 38 гадоў.

Дзмітрый Сачыўка (крайні злева) на запісе з музыкамі аднаго з метал-гуртоў. Фота: BelMetal.org

У 2021 годзе Дзмітрыя ўжо затрымлівалі на святкаванні Масленіцы ў Музеі валуноў у Мінску, яму тады прысудзілі 30 сутак арышту па артыкуле 24.23 аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Дарэчы, у гэты ж дзень у гэтым судзе будуць разглядаць яшчэ адну справу аб удзеле ў пратэстах. Па тым жа 342-м артыкуле будуць судзіць чалавека па імені Іван Сяміжон.

Айцішніка з A1 будуць судзіць за данаты. Яму пагражае да 10 гадоў калоніі

Работніцы суда пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый і абразу Лукашэнкі»

У Мінску хутка пачнуць судзіць пяць чалавек па гучнай справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень Перамогі»

Айцішніца з Гродна вярнулася дадому з Польшчы. Яе затрымалі і будуць судзіць

Nashaniva.com