Амерыканскага журналіста Эвана Гершковіча прысудзілі ў Расіі да 16 гадоў калоніі строгага рэжыму

Дзяржабвінавачанне запытвала для журналіста 18 гадоў пазбаўлення волі.

19.07.2024 / 15:17

Фота: прэс-служба суда Свярдлоўскай вобласці

Свярдлоўскі абласны суд прысудзіў карэспандэнта The Wall Street Journal Эвана Гершковіча да 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму па справе аб шпіянажы (артыкул 276 КК РФ), паведамляе Meduza.io.

Дзяржабвінавачанне запытвала для журналіста 18 гадоў пазбаўлення волі.

Па версіі следства, Гершковіч «па заданні ЦРУ ў сакавіку 2023 года збіраў у Свярдлоўскай вобласці сакрэтную інфармацыю аб дзейнасці абароннага прадпрыемства «Уралвагонзавод». У пракуратуры сцвярджалі, што журналіст «трымаўся пільных мер канспірацыі». 

Гершковіч віну па справе не прызнаў. 

Суд завяршыў судовае следства за два пасяджэнні, яны прайшлі ў закрытым рэжыме 26 чэрвеня і 18 ліпеня. Падчас другога пасяджэння суда дапыталі дэпутата заканадаўчага сходу Свярдлоўскай вобласці Вячаслава Вегнера.

Пасля затрымання Гершковіча ў сакавіку 2023 года Вегнер распавядаў, што сустракаўся з журналістам падчас яго візіту на Урал. Паводле яго слоў, карэспандэнта WSJ цікавіла стаўленне людзей да ПВК «Вагнер», праца «прамысловых прадпрыемстваў» і «пытанні, звязаныя з падтрымкай насельніцтва ў перыяд СВА (вайны ва Украіне)». Вегнер казаў, што Гершковіч хацеў «узяць інтэрв'ю ў розных людзей, як яны нас называюць, у патрыётаў».

Nashaniva.com