«Вада пранікла ўнутр, запоўніла салон мне па пояс, рукі трэсліся». Хто тая дзяўчына з запамінальнага фота мінскага патопу

Адзін з самых запамінальных кадраў учорашняй залевы ў Мінску — дзяўчына, што сядзела на даху затопленага аўто. Onliner.by знайшоў дзяўчыну і пагутарыў з ёй.

19.07.2024 / 14:54

Onliner.by

Дзяўчыну завуць Валерыя, яе машына — Suzuki Vitara 1991 года выпуску. Валерыя з'ехала з МКАД і працягвала рухацца праз развязку праспекта Незалежнасці і вуліцы Русіянава ва Уруччы. Там учора было адно з двух самых напружаных месцаў усяго раёна: у нізіне дождж наліў цэлае возера.

 — Машына заглухла прыкладна на палове «дажджавога мора»: вада стала пранікаць унутр, запаўняючы салон мне па пояс, рукі трэсліся, як пасля прыступу, дзверы заклінілі, і прыйшлося ўручную цягнуць блакаванне дзвярэй. Я села на дах, каб не сядзець у вадзе, і прыняла сітуацыю са спакоем і гумарам, — распавядае дзяўчына.

— Дарэчы, з гумарам не адна я паставілася да таго, што адбываецца: хлопцы надзьмулі футбольны мяч і з кактэйлем плавалі ў гэтым «Адрыятычным моры».

— Падплылі сказаць, якое сёння надвор'е добрае. Так, сапраўды, нарэшце не горача. Ну і як было не парадаваць тату, ён жа таксама ўдзельнічаў у прыняцці рашэння.

Званок бацьку выглядаў так: «Не пераплыла? Еду да цябе», — распавядае Валерыя. Сумеснымі намаганнямі Suzuki выцягнулі з вады. — Спачатку з двума хлопцамі дапамаглі выратаваць гібрыдную «ластаўку» Ford Escape, потым мне дапамаглі выцягнуць майго «коніка», — адзначае чытачка.

— «На сушы» людзі паставіліся з разуменнем: адзін хлопец прынёс мне цёплую каву з шакаладкай, каб я не захварэла. Кіроўцы аўтобусаў упусцілі ўнутр перачакаць наступную хвалю залевы і пераапрануцца.

— Ну а што цяпер? Машына на прасушцы. «Сузі» пару разоў завялася нават пасля гэтага, але пасля сышла ў часовую кому. Мы яе эвакуявалі ў надзейнае месца, дзе яна зараз сушыцца і праходзіць працэдуры па рэабілітацыі, — распавяла Валерыя.

Мінск сёння пайшоў пад ваду ФОТЫ

Камароўскі рынак ператварыўся ў сапраўднае мора ВІДЭА

На Ваўпшасава ў Дражні машына амаль цалкам сышла пад ваду ФОТАФАКТ

У Мінску затапіла і станцыю метро «Усход». Аднак закрываць яе не сталі ВІДЭА

У падземным паркінгу ў Мінску патанулі 14 аўтамабіляў ВІДЭА

Залева ў Мінску, верагодна, была наймацнейшай за ўсю гісторыю назіранняў

Nashaniva.com