«Заснулі на Каліноўскага, прачнуліся на Машэрава». У Кобрыне за ноч прыбралі паказальнікі з прозвішчам Каліноўскі ВІДЭА

Мясцовы савет дэпутатаў вырашыў перайменаваць вуліцу Каліноўскага. У грамадскім абмеркаванні паўдзельнічалі ўсяго 19 чалавек.

19.07.2024 / 15:34

У Кобрыне вуліцу Каліноўскага перайменавалі ў вуліцу Машэрава. У сваю чаргу былая вуліца Машэрава ў горадзе цяпер называецца Яловая. Мясцовыя жыхары распавялі ў тыктоку, што паказальнікі памянялі за адну ноч.

«Заснулі на Каліноўскага, прачнуліся на Машэрава», — кажа аўтар відэа.

@loveronik Кобрин,Беларусь #городабелоруси #новостьбеларусь ♬ оригинальный звук - Loveronik

Рашэнне аб перайменаванні вуліцы Савет дэпутатаў прыняў 26 чэрвеня па прапанове райвыканкама. Перад гэтым чыноўнікі правялі так званае грамадскае абмеркаванне гэтай ідэі.

У гэтым абмеркаванні ў горадзе з насельніцтвам 52 тысячы ўзялі ўдзел 19 чалавек — менавіта столькі электронных зваротаў паступіла ў выканкам.

З іх 12 чалавек падтрымалі прапанову перайменаваць вуліцу Каліноўскага, шэсць выступілі супраць. Яшчэ два чалавекі падтрымалі перайменаванне вуліцы Машэрава ў Яловую.

Nashaniva.com