У Італіі журналістку аштрафавалі за жарты пра рост прэм'ер-міністра Мелоні — гэта палічылі бодышэймінгам

Журналістка назвала Джорджу Мелоні «маленькай жанчынай ростам 1,2 метра».

19.07.2024 / 13:21

Прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні. Фота: Massimo di Vita / архіў Massimo Di Vita / партфель Mondadori праз Getty Images

Італьянская журналістка Джулія Картэзэ была аштрафаваная судом на 5 тысяч еўра за жарты пра рост прэм'ер-міністра Джорджы Мелоні. 

На думку суда, адразу два допісы журналісткі ў інтэрнэце былі абразлівымі, піша BBC.

Картэзэ і Мелоні ўступілі ў пікіроўку ў сеціве яшчэ ў 2021 годзе, калі апошняя была ў апазіцыі. Спачатку Картэзэ апублікавала здымак, на якім Мелоні стаіць побач з партрэтам Беніта Мусаліні. Палітык тады прыгразіла пайсці ў суд з-за фэйкавай фатаграфіі.

Картэзэ фота выдаліла, прызнаўшы, што на арыгінальным здымку партрэта не было. Аднак журналістка заявіла, што Мелоні ёй пагражала.

«Вы мяне не запалохаеце, Джорджа Мелрні. Акрамя таго, ваш рост усяго 1,2 м. Янават не бачу вас», — напісала Картэзэ ў адным з пастоў. У іншым журналістка назвала палітыка «маленькай жанчынай».

Па даных італьянскіх СМІ, рост Мелоні — 163 см. Суд прызнаў допісы Картэзэ бодышэймінгам — і абавязаў яе выплаціць прэм'ер-міністру 5 тысяч еўра.

Мелоні заявіла, што накіруе сродкі на дабрачыннасць. Картэзэ ж канстатавала, што ва ўрада Італіі «ёсць праблемы са свабодай слова». Пры гэтым журналістка не паведамляла, ці будзе абскарджваць рашэнне суда.

Nashaniva.com