У Дняпры ў Рэчыцы знайшлі заражаную рыбу

Эпідэміёлагі папярэджваюць аматараў рыбалкі пра небяспеку апістархозу.

19.07.2024 / 13:05

Плотка — адна з самых распаўсюджаных рыб у нашых вадаёмах. Фота: tatfish.ru

Ва ўзорах вылаўленай у Гомельскай вобласці, на ўчастку ракі на мяжы Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў, плоткі выявілі жывыя лічынкі Opisthorchidae, паведамляе Рэчыцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Апістархоз — небяспечнае захворванне, часцей за ўсё паражае печань, радзей — падстраўнікавую залозу. Менавіта ў гэтых органах пасяляюцца лічынкі, калі чалавек з'еў заражаную рыбу. Хварэць на апістархоз можна неаднаразова, таму колькасць паразітаў у арганізме можа дасягаць 40 000 штук.

Калі не лячыцца, паразіты могуць жыць у арганізме да 30 гадоў. Пры іх вялікай колькасці ў хворага можа выяўляцца жаўтуха. Акрамя таго, паразіты вылучаюць таксіны, якія могуць выклікаць рак або цыроз печані. Зрэшты, апістархоз лечыцца лёгка, але рабіць гэта трэба пад наглядам медыкаў.

Каб абеззаразіць рыбу, трэба варыць ці смажыць яе не менш 20 хвілін. А вось вэнджанне, пасол і прасушка не забіваюць узбуджальнікаў хваробы. Раней лічылася, што можа дапамагчы вымарожванне, але высветлілася, што лічынкі гінуць толькі пры вельмі нізкіх тэмпературах.

Nashaniva.com