«Не хочуць разумець, што гэта вайна!» Лукашэнка выказаў прэтэнзіі пацярпелым ад буры
Ён заявіў, што ёсць людзі, якія не хочуць пальцам паварушыць, а чакаюць, што ўсё зробіць дзяржава.
19.07.2024 / 12:59
Фота: БелТА
Лукашэнка на селектарнай нарадзе параўнаў ураган, які прайшоўся па Гомельшчыне на выходных, з вайной без стральбы.
Ён раскрытыкаваў чыноўнікаў, назваўшы агіднай працу па ліквідацыі наступстваў непагадзі ў першыя дні. Са слоў Лукашэнкі, выразнай «вайсковай» рэакцыі з боку дзяржавы не было, зрэагавалі на буру толькі энэргетыкі, піша БелТА.
Лукашэнка заявіў, што меў зносіны з міністрамі і чыноўнікамі штодня ў «рэжыме допытаў» і прызнаў, што людзі крыўдзяцца.
Аднак, ён таксама выказаў прэтэнзіі і ў адрас жыхароў пацярпелых раёнаў.
«Людзі не хочуць разумець, што гэта надзвычайная сітуацыя. Вайна проста, толькі няма стральбы з аўтаматаў і кулямётаў. Тое самае і на вайне. І ніхто не задаецца пытаннем: а што ты зрабіў для таго, каб пераадолець гэтую катастрофу?» — заявіў Лукашэнка.
Ён назваў сапраўднымі мужыкамі тых людзей, якія дапамагаюць службам разбіраць завалы. Аднак адзначыў, што ёсць і такія, якія чакаюць, што ўлады вырашаць усе праблемы, і пальцам не варухнуць.
«Гэта мае прэтэнзіі як прэзідэнта да людзей. Але ж, калі ў цэлым паглядзець, ёсць маса недахопаў. Гэта наша хвароба: бравурныя даклады — вось там добра, там добра. Навошта вы мне хлусіце?» — спытаў Лукашэнка ў чыноўнікаў.
І папярэдзіў, што ўсе даклады ён пераправерыць.