Юрый Чыж пайшоў у расійскі суд, каб пазмагацца за свой малаказавод у Геленджыку
Апальны бізнэсовец здолеў на працягу апошняга года акумуляваць звыш 38% акцый нядаўна выведзенай з працэдуры банкруцтва кампаніі «Малзавод «Геленджыкскі». Цяпер бізнэсовец спрабуе праз суды атрымаць кантроль над прадпрыемствам, піша «Люстэрка».
19.07.2024 / 12:05
Юрый Чыж, май 2023 года, фота «Народная Воля»
Як вынікае з даных картатэкі расійскіх судоў, у канцы мінулага года была спыненая працэдура банкруцтва ААТ «Малзавод «Геленджыкскі» і яго арбітражны кіраўнік прызначыў агульны сход акцыянераў. Сярод тых, хто атрымаў запрашэнне на гэтае мерапрыемства, аказаліся 19,16% акцый прадпрыемства Юрый Чыж.
Якім чынам беларус стаў акцыянерам завода ў Геленджыку (курорт у Краснадарскім краі), у дакументах не паведамляецца.
Але са звестак судовых органаў вядома, што да кастрычніка 2023 года беларускі бізнэсовец павялічыў свой пакет, выкупіўшы яшчэ 19,16% у іншага беларуса Іосіфа Шэўчыка. І як адзін з найбуйнейшых акцыянераў праз суды пачаў патрабаваць доступу ў Савет дырэктараў і да фінансавых дакументах акцыянернага таварыства.
Як вынікае з рашэнняў судоў, частку дакументаў яго прадстаўнікі здолелі атрымаць. У чэрвені гэтага года Чыж таксама дамогся арышту буйнога пакета акцый, якія перайшлі кіраўніцтву ААТ «Малзавод «Геленджыкскі» ад аднаго з акцыянераў.
Чым займаецца кампанія, за якую змагаецца бізнэсовец?
ААТ «Малзавод «Геленджыкскі» — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў горада, заснаванае ў 1930-х гадах. Вырабляла да 50 т малака ў суткі і каля 50 відаў прадукцыі, уключаючы малако, кефір, кісламалочныя прадукты. У 1994 годзе стала акцыянерным таварыствам. У 2016 годзе па заяве аднаго з крэдытораў на ім была пачата працэдура банкруцтва. У канцы 2023 года, як паведамлялі СМІ, пасля задавальнення патрабаванняў усіх крэдытораў арбітражны суд Краснадарскага краю пастанавіў спыніць справу.
Аднак, як высветліла «Люстэрка», адраджэнне завода можа аказацца часовым, а спробы Чыжа ўзяць прадпрыемства пад кантроль — бессэнсоўнымі. Рэч у тым, што ў чэрвені Міністэрства эканомікі Краснадарскага краю звярнулася ў краёвы арбітражны суд з заявай аб прызнанні прадпрыемства банкрутам.
***
13 лютага 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў Юрыя Чыжа да 3,5 года пазбаўлення волі. Крымінальная справа ў дачыненні да яго была распачатая на падставе заявы экс-партнёра Уладзіміра Япрынцава. Па рашэнні суда Чыж быў прызнаны вінаватым у махлярстве і легалізацыі злачынных даходаў. Але да яго ўжылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакарання той час, які ён ужо прабыў у зняволенні на працягу сакавіка-верасня 2022 года.
Пасля гэтага ранейшы блізкі сябар Аляксандра Лукашэнкі пачаў адчуваць цяжкасці са сваім маштабным бізнэсам. Фінансавыя разборкі закранулі звязаную з ім кампанію «Трайпл», а таксама «Прастормаркет», які належыць сям'і Чыжа.
Рашэнне аб ліквідацыі другой кампаніі, якая развівала гандлёвую сетку ProStore, прынялі ў снежні 2020 года на сходзе акцыянераў. Да таго часу фірма ўжо некалькі гадоў адчувала цяжкасці, якія пачаліся ў перыяд арышту яе ўладальніка Юрыя Чыжа. Некаторая нерухомасць і актывы кампаній прадпрымальніка былі выстаўлены на продаж. Сярод іх — кафэ «Залаты грабеньчык», гарналыжны комплекс «Лагойск».
У маі 2024 года стала вядома, што кампанія «Трайпл», якая часткова належыць бізнэсоўцу Юрыю Чыжу, больш не знаходзіцца на мяжы банкруцтва.