Чарга легкавых аўто на ўезд у Польшчу з Беларусі павялічылася ў чатыры разы

Гэта здарылася пасля забаронаў, уведзеных Літвой і Латвіяй.

19.07.2024 / 12:16

Фота: тг-канал Тарэспаль

З панядзелка чарга легкавых аўтамабіляў на ўезд у Польшчу з Беларусі павялічылася ў чатыры разы. 

Перад пунктам пропуску «Тарэспаль» сабралася 240 машын, паведамляе ДПК.

Пры гэтым паведамляецца, што польскія памежнікі з пачатку тыдня прынялі 35% аўто ад нормы.

Перад літоўскімі пунктамі пропуску «Меднікі» (Каменны Лог) і «»Салечнікі» (Беняконі) на ўезд у ЕС сабраліся 110 аўто, літоўскія кантрольныя службы на працягу тыдня прымалі на сваю тэрыторыю каля 55% транспарту ад нормы.

Пры гэтым у Тарэспалі ў чарзе стаяць 30 аўтобусаў, а ў «Медніках» — усяго чатыры.

Нагадаем, Латвія цалкам забараніла ўезд легкавых аўто з беларускімі нумарамі. Літва прыняла аналагічнае рашэнне, але да 16 жніўня ўехаць у краіну змогуць машыны з беларускай рэгістрацыяй пад кіраваннем уладальніка.

У Польшчу аўто на беларускіх нумарах таксама пускаюць толькі ў прысутнасці ўладальніка ў салоне.

Nashaniva.com