Ігар Случак напісаў рэзкі каментар пра рускамоўных беларусаў. Не вытрымаў нават Пазняк

Пад допісам у два радкі разгарнулася гарачая дыскусія.

19.07.2024 / 09:17

Ігар Случак. Фота: сацсеткі

«Тры рэчы, што выклікаюць агіду: папяровыя кактэйльныя трубкі, варанае сала і беларусы, што размаўляюць між сабою па-руску», — напісаў у фэйсбуку абаронца беларускай мовы Ігар Случак.

Частка каментатараў паставіліся з гумарам да выказвання пра кактэйльныя трубкі і варанае сала. Сталі казаць пра вараную цыбулю, слова «Вільнюс», пытацца, што не так з трубкамі.

Але большасць зрэагавала на «беларусаў, што не размаўляюць паміж сабой па-руску».

«Але ты агідную думку выказаў», — заўважыў грамадскі актывіст, абаронца помнікаў архітэктуры Юрась Меляшкевіч. 

«Так мы цудоўную РБ будучыні не пабудуем», — адказаў блогер, пранкер і музыкант Андрэй Павук.

«Скаргу у беларускую міліцыю ўжо напісалі?» — яхідна адказаў сацыёлаг Філіп Біканаў, намякаючы на практыку скаргаў Случака.

«Як жа вы ненавідзіце беларусаў, калі ўлічыць, што 95% гавораць па-руску! А калі сур'ёзна, то ваш пост — найлепшы каментар да разваг пра талерантнасць беларусаў. Брава!» — быў яшчэ каментар.

Не вытрымаў нават Зянон Пазняк: «Дарагі дружа. У гэтай вайне беларусам важна таксама зберагчы самаідэнтыфікацыю. Бо атака ідзе не толькі на мову. Таму асцярожна са словамі (нават калі нясцерпна). Хто збярог самаідэнтыфікацыю, той вернецца ў мову, калі зменіцца час. Хто сябе страціў, той незваротны».

Nashaniva.com