Рыжанкоў: Для Літвы галоўнае — забіць любыя зародкі ліцвінізму

Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў ў праграме «Марков. Ничего личного» выклаў сваё бачанне таго, якія інтарэсы пераследуюць Польшча і Літва ў Беларусі. Часам яно банальнае, але ёсць і арыгінальныя моманты.

18.07.2024 / 23:15

Паводле Рыжанкова, уся праблема ў тым, што Польшчы і Літве не падабаецца палітыка Лукашэнкі і ягонага ўрада, і яны думаюць, што пры іншым кіраўніцтве яны лепш змогуць праводзіць свае інтарэсы.

Інтарэсы Польшчы ён бачыць у поўнай адпаведнасці з ключавымі прапагандысцкімі пастулатамі, якія прыпісваюць нашай заходняй суседцы экспансіянісцкія памкненні:

«Вядома, Польшча хоча быць больш актыўнай у заходніх рэгіёнах Беларусі, як і ва Украіне. Да гэтага часу многія лічаць гэта сваімі «ўсходнімі крэсамі» са страчанай маёмасцю, землямі, будынкамі і гэтак далей. Вядома, яны хочуць гуляць у нас галоўную эканамічную скрыпку. Яны хочуць, каб эканамічная экспансія Еўрапейскага саюза ішла праз Польшчу, а гэта ўжо зусім іншыя грошы і зусім іншыя рэсурсы».

Адносна ж Літвы погляд больш арыгінальны. Маўляў,

«Літве самае галоўнае — забіць у Беларусі любыя зародкі якога— небудзь атаясамлівання вось гэтых паўднёвых рэгіёнаў Літвы з беларускай нацыянальнай ідэяй, называнай збеглымі «літвінізмам».

Паколькі рэалізаваць свае хцівыя задумы нібыта пры дапамозе апанентаў рэжыму Лукашэнкі Польшчы і Літве не ўдалося, то, на думку Рыжанкова, сёння гэтыя апаненты «становяцца клопатам для Польшчы і Літвы», і яны, маўляў, не ведаюць, што з імі рабіць, бо разумеюць, што «усё роўна трэба будзе садзіцца і дамаўляцца з цяперашняй тут уладай і з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам».

Рыжанкоў: У мяне і бабуля, і мама былі чыстымі полькамі

Прэс-сакратар польскага МЗС пра адносіны з Беларуссю: Чакаем першага рэальнага кроку з беларускага боку

Кіраўнік МЗС расказаў, на каго не будзе распаўсюджвацца бязвізавы рэжым

«Пакуль узаемнасці не бачым». Лукашэнка наракае, што не можа дамовіцца з Польшчай і Літвою

Nashaniva.com