Прыбытак КамАЗа абваліўся ў 20 разоў

Імпарт грузавікоў з Кітая паклаў на лапаткі не толькі МАЗ, але і расійскіх вытворцаў. Але цяпер Масква не можа абмежаваць доступ да рынку з палітычных прычын.

19.07.2024 / 07:54

Фота: Wikimedia Commons

Як піша The Moscow Times, галоўны расійскі вытворца грузавікоў — КамАЗа за першае паўгоддзе 2024-га года рэзка скараціў чысты прыбытак.

Згодна са справаздачнасцю, ён абваліўся ў 20 разоў. У той жа час выручка знізілася толькі на 14,9%, продажы — на 30%.

Такія вынікі працы кіраўніцтва канцэрна тлумачыць высокімі паказчыкамі мінулага года, які стаў рэкордным па продажах, а таксама эфектам росту кошту фінансавання з-за павышэння стаўкі Цэнтральнага банка.

Спецыялісты, з якімі размаўлялі журналісты, асноўнай прычынай зніжэння паставак тэхнікі на рынак бачаць высокія аб'ёмы дзяржзаказу ва ўмовах вайны. Адпаведна статыстыцы, доля КамАЗа на айчынным рынку скарацілася з 36% у 2022-м да 20% у 2023-м.

У такіх умовах месца канцэрна на рынку займаюць кітайскія кампаніі. У мінулым годзе ўпершыню ў лідары продажаў замест КамАЗа выйшаў кітайскі Sitrak С7Н. Камерцыйныя кліенты аддаюць яму перавагу з-за істотна ніжэйшай цаны. Акрамя гэтага, Sitrak С7Н лягчэйшы ў кіраванні проці КамАЗа.

Але, як расказалі спецыялісты, сёлета на попыт на кітайскі грузавік негатыўны эфект аказваюць праблемы з запаснымі часткамі, якія даводзіцца замаўляць наўпрост з Кітая.

Заўважым, што вялікі беларускі вытворца грузавікоў — завод МАЗ — пераставаў публікаваць сваю справаздачнасць пачынаючы з 2022 года. Аднак вядома, што яго доля на расійскім рынку знізілася — таксама на карысць кітайцаў.

Масква можа быць і не радая выцясненню сваіх грузавікоў, але яна на гэтым этапе не можа абмежаваць доступ кітайцаў да рынку з палітычных прычын, бо патрабуе кітайскіх паставак для іншых сегментаў эканомікі ў сітуацыі заходніх санкцый і крытычных патрэб ВПК для вядзення вайны з Украінай.

МАЗ скараціў продажы грузавікоў на расійскім рынку

Продажы аўтобусаў МАЗ у Расіі ўпалі амаль у 20 разоў

«Дынаміка палохае». У Беларусі ўстрывожыліся экспансіяй кітайцаў на аўтамабільны рынак

Nashaniva.com