Рэдактара газеты Мазырскага НПЗ, якую затрымлівалі за «экстрэмізм», звольнілі і замянілі на прапагандыста з Рагачова

У газеты «Мозырьский нефтепереработчик» — новы галоўны рэдактар. Як высветліў Флагшток, замест Святланы Богуш выданне ўзначаліў Андрэй Шышкін — сенатар, член Савета Рэспублікі.

18.07.2024 / 13:21

Нагадаем, 10 ліпеня дваіх супрацоўнікаў Мазырскага НПЗ — памочніка гендырэктара Валерыя Бойшу і рэдактара газеты Святлану Богуш затрымалі за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі», якая ўнесеная ў так званы «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», куды ўключаныя незалежныя інфармацыйныя рэсурсы.

Апошні нумар «Мозырьского переработчіка»

Практычна адразу пасля гэтага Святлану Богуш звольнілі — у новым нумары «МН», які выйшаў неўзабаве, рэдактарам ужо пазначаны Андрэй Шышкін — былы галоўны рэдактар газеты Рагачоўскага райвыканкама. Гэтае выданне прыкметна больш за іншых раёнак выпускала прапагандысцкія матэрыялы, перадрукоўвала публікацыі праўладных рэсурсаў з абразамі апанентаў рэжыму.

За гэта рагачоўскую рэдакцыю пад кіраўніцтвам Шышкіна называлі «рэжымнымі пацукамі» — адпаведнае графіці з'яўлялася на будынку рэдакцыі.

Nashaniva.com