788 украінскіх вайскоўцаў зніклі без вестак у баях за сяло Крынкі Херсонскай вобласці

Там знаходзіцца плацдарм УСУ на левым беразе Дняпра.

18.07.2024 / 07:16

Слідство.інфо

788 украінскіх вайскоўцаў зніклі без вестак у ходзе абарончай аперацыі ў вёсцы Крынкі, дзе з восені 2023 года знаходзіцца невялікі плацдарм УСУ на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. Гэта звесткі паліцыі Украіны з кастрычніка 2023-га да канца чэрвеня 2024 года, гаворыцца ў артыкуле «Слідство.Інфо», які аналізуе «Медуза».

За той жа перыяд, паводле інфармацыі ўкраінскіх праваахоўных органаў, з Крынак удалося вывезці і пахаваць 262 забітых вайскоўцаў УСУ.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу журналісты пагаварылі з дзясяткам матросаў, лодачнікаў і медыкаў з розных брыгад марской пяхоты, якія альбо самі былі ў Крынках, альбо дастаўлялі туды людзей. Большасць з іх распавялі, што абарона вёскі з самага пачатку была «звышцяжкай задачай з абмежаваным рэсурсам». «Асабліва цяжка было туды заходзіць у кастрычніку на зіму», — распавёў адзін з афіцэраў, які ўдзельнічаў у гэтай аперацыі.

Некаторыя з удзельнікаў высадкі на Крынках лічаць, што спачатку абараняць сяло і спрабаваць пашыраць плацдарм яшчэ было магчыма. Аднак калі ў канцы зімы Крынкі ў ходзе баёў і абстрэлаў былі цалкам знішчаны, задача па ўтрыманню гэтых пазіцый стала для многіх ваенных «дарогай у адзін канец». Пры гэтым « Слідству.Інфо « ўдалося адшукаць людзей, якія былі ў Крынках тройчы.

Марпехі, якія гаварылі з журналістамі, сцвярджаюць, што расійскія вайскоўцы палонных у Крынках не бяруць. Аднак, адзначае выданне, у спісах ваеннапалонных, прызначаных для абмену, сустракаюцца імёны байцоў, зніклых у раёне вёскі.

Крынкі — сяло на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці. Войскі РФ захапілі яго ў самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. У 2023 годзе УСУ ўдалося ў ходзе контрнаступлення замацавацца ў Крынках і стварыць там невялікі плацдарм.

У лютым 2024 года на той момант яшчэ міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным заявіў, што ВС РФ «зачысцілі» Крынкі. Украінскі бок назваў гэтыя заявы»маніпуляцыяй і фальсіфікацыяй фактаў». 

Матэрыял « Слідство.Інфо « аб плацдарме УСУ ў Крынках выйшаў на фоне паведамленняў СМІ, у тым ліку ўкраінскіх, пра тое, што вайскоўцы Украіны адышлі з сяла. Украінская вайсковая крыніца распавяла Бі-бі-сі, што УСУ пакінулі Крынкі, але ўтрымлівае іншыя плацдармы на левым беразе Дняпра. Прадстаўнік аператыўна-стратэгічнай групоўкі УСУ «Таўрыя» Дзмітрый Ліхавы заявіў «Слідству.Інфо», што ўкраінскія вайскоўцы працягваюць абарончую аперацыю на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, у прыватнасці, у раёне Крынак.. 

Nashaniva.com