Улады ЗША абвінавацілі неанацыста з Грузіі ў падрыхтоўцы масавага атручвання дзяцей у Нью-Ёрку

Улады ЗША выставілі абвінавачванне 21-гадоваму неанацысту з Грузіі Міхаілу Чхіквішвілі паводле справы аб падбухторванні да злачынстваў на глебе нянавісці і актаў масавага гвалту ў Нью-Ёрку. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінюста ЗША, піша «Медуза».

17.07.2024 / 23:11

Міхаіл Чхіквішвілі затрыманы ў аэрапорце Кішынёва. Калаж: point.md

Следчыя называюць Чхіквішвілі, вядомага пад мянушкай «Камандзір Мяснік«, меркаваным лідарам руху Maniacs Murder Cult («Маньякі. Культ Забойстваў»). Ягоныя ўдзельнікі, як сцвярджаецца,

«прытрымліваюцца неанацысцкай ідэалогіі і прапагандуюць гвалт у адносінах да расавых меншасцяў, габрэйскай супольнасці і іншых груп, якія яны лічаць «непажаданымі».

Мяркуецца, што цэнтры гэтай арганізацыі месцяцца ў Расіі і Украіне, аднак яе чальцы ёсьць і ў іншых краінах, уключаючы ЗША, піша The Washington Post.

Сам Чхіквішвілі быў арыштаваны ў Малдове 6 ліпеня па ордары Інтэрпала. Як адзначае амерыканскі Мінюст, Чхіквішвілі прыкладна з верасня 2021 года распаўсюджваў свой маніфест пад назвай «Даведнік ненавісніка», у якім былі сфармуляваныя асноўныя прынцыпы руху і ўтрымліваліся заклікі да гвалту.

Чхіквішвілі сцвярджаў, што «забіваў дзеля белай расы», і заклікаў сваіх прыхільнікаў да правядзення «этнічных чыстак». Ён прапаноўваў, у прыватнасці, выкарыстоўваць дзяцей у якасці тэрарыстаў-смяротнікаў.

Асобна ў даведніку заахвочваліся напады на амерыканскай тэрыторыі. Сам абвінавачаны наведаў ЗША як мінімум двойчы вясной і летам 2022 года. Следству вядома, што першы раз ён спыніўся ў сваёй бабулі ў Брукліне. Не пазней за ліпень таго ж года Чхіквішвілі пачаў, відавочна, вербаваць прыхільнікаў. У якасці аднаго з іх выступіў агент ФБР пад прыкрыццём.

У верасні 2023 года агент напісаў Чхіквішвілі, спытаўшы, ці прадугледжвае ўступленне ў арганізацыю якую-небудзь працэдуру падачы «заяўкі».

Паводле звестак Мінюста ЗША, меркаваны лідар руху адказаў, што трэба даслаць відэа «жорсткага збіцця, падпалу/выбуху або забойства». Ён таксама дадаў, што ахвярамі гэтых злачынстваў павінны быць прадстаўнікі «ніжэйшых рас».

У лістападзе, паводле даных следства, Чхіквішвілі пачаў рыхтаваць масавую атаку ў Нью-Ёрку, якая павінна была адбыцца напярэдадні Новага года. Як сцвярджае Мінюст, планавалася, што чалавек у касцюме Санта-Клаўса будзе раздаваць атручаныя цукеркі «расавым меншасцям» і «дзецям у габрэйскіх школах у Брукліне».

У выпадку прызнання вінаватым Чхіквішвілі пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі за падбухторванне да здзяйснення цяжкіх злачынстваў, да пяці гадоў — за змову з мэтай падбухторвання да здзяйснення цяжкіх злачынстваў, да 20 гадоў — за распаўсюд інфармацыі, якая тычыцца вырабу і выкарыстання выбуховых прылад, да пяці гадоў — за перадачу паведамленняў з пагрозамі.

34-гадовы неанацыст з дзясяткам судзімасцяў — стала вядома пра беларуса, які загінуў падчас мясных штурмаў Аўдзееўкі

Неанацыст Лушч збірае подпісы, каб перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Мінску ў вуліцу 17 Верасня

У Беларусь пратачылася новая секта з Расіі. Былы зэк змушае паству прадаваць кватэры і выкідаць дакументы

Nashaniva.com