Дзмітрый Круты выказаў спачуванні загінулым падчас урагану 

Падчас сённяшняй паездкі па раёнах Гомельскай вобласці, пацярпелых ад моцнага ўрагану 13-14 ліпеня, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты сярод іншага выказаў спачуванні родным і блізкіх тых людзей, якія загінулі ў розных рэгіёнах Беларусі падчас урагану.

17.07.2024 / 22:50

«Так, першыя навіны прыйшлі сумныя — пра загінулых, сярод якіх і дзеці. Гэта вялікая страта, прыносім шчырыя спачуванні родным і блізкім. Хутчэйшага выздараўлення жадаем пацярпелым грамадзянам, многія з якіх атрымалі цяжкія траўмы, і нашы дактары робяць усё магчымае, каб людзі хутчэй аднавіліся», — заявіў Круты.

Нагадаем, што падчас моцнай буры ў гэтыя выхадныя ў Беларусі загінулі шэсць чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Выказаныя Крутым у сераду спачуванні — фактычна першыя, якія прагучалі з вуснаў высокіх чыноўнікаў з Мінска. Дагэтуль спачуванні загінулым 15 ліпеня выказваў старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко.

Характэрна, што сёння Дзмітрый Круты таксама адразу паехаў не ў пацярпелыя раёны, а ў памятную зону «Рубеж» на мяжы Лельчыцкага і Жыткавіцкага раёнаў, дзе ўсклаў кветкі да мемарыяльнага знаку ў гонар воінаў-вызваліцеляў. Таксама для Крутога правялі экскурсію, падчас якой распавялі пра партызанскі рух, акупацыю і аперацыю «Баграціён».

Ацэньваючы, як падкрэсліваецца, па даручэнні Лукашэнкі ход выканання аднаўленчых работ, Дзмітрый Круты зрабіў акцэнт на тое, што «сёння панікі ў раёнах, пацярпелых пасля навальнічнага фронту, няма».

Круты прыбыў у пацярпелую ад урагану Гомельшчыну. Перш за ўсё ён паехаў на экскурсію ў музей партызан

«Сядзелі без інтэрнэту і разгадвалі сканворды». Жыхары Гомельшчыны расказалі, як перажылі наступствы стыхіі

Мазырскія ўлады прызналі, што перабоі з водазабеспячэннем у горадзе застаюцца

Больш за 100 вайскоўцаў адправілі ў Мазыр і Лельчыцы для ліквідацыі наступстваў урагану

Мазырская вертыкальшчыца далажыла пра аднаўленне водазабеспячэння. У каментарах ёй пярэчаць

Nashaniva.com