Музыку Ігара Банцара вызвалілі з-пад варты
Тэлеканал «Белсат» са спасылкай на Варшаўскую акруговую пракуратуру паведаміў, што ў дзеяннях беларуса Ігара Банцара, які ўчора прыйшоў са зброяй у Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі, не выявілі прыкмет крымінальнага злачынства. Таму мужчына цяпер на волі.
17.07.2024 / 17:39
Прэс-сакратар паліцэйскай камендатуры варшаўскага раёна Сьрудмесце Якуб Пацыняк паведаміў «Белсату»:
«Яго вызвалілі з-пад варты. У выніку допыту яго і сведкаў не было выяўлена крымінальнага следу. Праверка трывае, разглядаецца пытанне прыцягнення мужчыны да адміністрацыйнай адказнасці».
Нагадаем, што 16 ліпеня з будынка Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек, а прылеглую вуліцу ачапіла паліцыя. Прычынай стаў беларускі наведнік, у сумцы якога выявілі небяспечныя прадметы — газ, нож, тэлескапічную дубінку і, верагодна, шумавую зброю.
Паведамлялася ўчора, што мужчына паводзіў сябе спакойна і нікому не пагражаў. Аднак, агледзеўшы сумку, ахова будынка прыняла рашэнне выклікаць паліцыю. Таксама на месца інцыдэнту прыбыла пажарная служба. Мужчыну адвялі афіцэры, у будынку Міністэрства працавалі спецыяльныя службы.
Ігар часта насіў з сабой зброю, лічачы, што яна можа спатрэбіцца яму ў мэтах самаабароны. Раней яго ўжо затрымлівалі ў Польшчы.
Музыка і былы палітвязень Ігар Банцар — адна з легендаў Гродна. У верасні 2020 года мужчына здзейсніў перформанс — станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай, за што атрымаў пазней паўтара года хіміі. Падчас зняволення Банцар трымаў працяглыя галадоўкі, 40 дзён прасядзеў у ШІЗА і прайшоў праз псіхіятрычную экспертызу ў Навінках.
У Варшаве затрымалі былога палітвязня Ігара Банцара — гэта ён прыйшоў у Міністэрства сям'і са зброяй
Паліцыя затрымала ў Варшаве беларуса, які прыйшоў у міністэрства з небяспечнымі прадметамі