Беларусы запусцілі новую платформу для краўдфандынгу
Не «Патрэонам» адзіным: з’явіўся сайт, дзе можна падтрымаць грошамі ініцыятывы творчых беларусаў. Ужо цяпер там збіраюць на пераклад «Графа Монтэ-Крыста», кнігу Аляксандра Чарнухі і не толькі.
17.07.2024 / 13:59
17 ліпеня пачала працаваць платформа Gronka — рэсурс, дзе можна падтрымаць фінансава цікавыя праекты беларусаў ці запытаць дапамогу на рэалізацыю сваёй ідэі. Стваральнікі Gronka — тэхнічная каманда Паўла Лібера і ананімныя энтузіясты.
Аўтары платформы падкрэсліваюць, што на ёй беларусы змогуць знайсці фінансаванне пад ідэю без пасярэднікаў, складаных заявак і незразумелых крытэраў. Платформа не спаганяе камісіі ні з крэатараў, ні са спонсараў, але ж камісію ў 3-5% збірае плацежны сервіс Stripe, праз які адбываюцца данаты. Gronka таксама не збірае асабістыя даныя крэатараў і спонсараў, але калі чалавек хоча атрымаць узнагароду за данат, яго электронны адрас могуць перадаць крэатару.
Цяпер на платформе прадстаўленыя пяць праектаў, і ў большасці з іх прадугледжаныя падарункі для спонсараў. Можна заданаціць, напрыклад, на выданне зборніка апавяданняў «Гвалт» ад пісьменніка Аляксандра Чарнухі, дзе даследуецца прырода дыктатуры і дэфармацыя асобы пад яе уплывам, і атрымаць бонусы — ад асобніка кнігі да цішоткі з ілюстрацыяй да яе. Або падтрымаць публікацыю беларускага пераклада «Графа Монтэ-Крыста» і атрымаць, акрамя асобніка рамана, зніжку на кнігі выдавецтва «Янушкевіч».
Карыстальнікі за межамі Беларусі могуць трапіць на платформу па адрасе gronka.org, беларусы ўнутры краіны — па спасылцы storage.googleapis.com. Пакуль што заданаціць на Gronka з тэрыторыі Беларусі немагчыма — плацяжы адключаныя з меркаванняў бяспекі. Таксама сервіс не прымае данаты з беларускіх і расійскіх картак.
Дзякуючы ўрагану ў Гомелі зрабілі навуковае адкрыццё
Халезін распавёў, калі і дзе выйдзе спектакль пра Сныціну са Сныцінай