Беларус, якога затрымалі ў Варшаве ў Міністэрстве сям'і са зброяй, а людзей эвакуявалі, вядомы гарадзенскі музыкант Ігар Банцар

Беларус, якога 16 ліпеня затрымалі ў Варшаве са зброяй, — вядомы гарадзенскі музыкант Ігар Банцар, пра гэта Most распавялі яго сябры. Яны спрабуюць высветліць лёс мужчыны і шукаюць адваката.

17.07.2024 / 11:01

Фота са старонкі Ігара Банцара ў фэйсбуку

Тэлефон Ігара недаступны, апошняя яго актыўнасць у сацсетках была суткі таму.

Цяпер затрыманы мужчына знаходзіцца ў паліцыі. Прэс-сакратар аддзялення Варшаўскага аддзялення паліцыі KRP-I Якуб Пацыняк паведаміў, што 17 ліпеня матэрыялы справы будуць перададзеныя ў пракуратуру. Ён устрымаўся ад апублікавання імя затрыманага.

16 ліпеня з будынка Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек, прылеглую вуліцу ачапіла паліцыя. Прычынай стаў беларускі наведнік, у сумцы якога выявілі небяспечныя прадметы — газ, нож, тэлескапічную дубінку і, верагодна, шумавую зброю.

Мужчына паводзіў сябе спакойна і нікому не пагражаў. Аднак, агледзеўшы сумку, ахова будынка прыняла рашэнне выклікаць паліцыю. Таксама на месца інцыдэнту прыбыла пажарная служба. Мужчыну адвялі афіцэры, у будынку Міністэрства працавалі спецыяльныя службы.

Ігар часта насіў з сабой зброю, лічачы, што яно можа спатрэбіцца яму ў мэтах самаабароны. Раней яго ўжо затрымлівалі ў Польшчы.

***

Музыка і былы палітвязень Ігар Банцар — адна з легендаў Гродна. У верасні 2020 года мужчына здзейсніў перформанс — станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай, за што атрымаў пазней паўтара года хіміі. Падчас зняволення Банцар трымаў працяглыя галадоўкі, 40 дзён прасядзеў у ШІЗА і прайшоў праз псіхіятрычную экспертызу ў Навінках.

«Мне ўжо паставілі дыягназ». Паліцыя змясціла Ігара Банцара ў псіхіятрычную бальніцу

«Нам будзе вельмі цяжка вырвацца». Шчыры Банцар — пра ГУБАЗіК, працу качагарам і сваю асабістую паразу

Nashaniva.com