Ля рэзідэнцыі Пуціна на Валдаі паставілі некалькі ЗРПК «Панцыр-С1»

На зенітны комплекс «Панцыр-С1», які бачны на спадарожнікавых здымках Google, на востраве Рабінавы за 3,7 кіламетра ад Валдайскай рэзідэнцыі звярнула ўвагу Радыё Свабода.

16.07.2024 / 11:01

Сістэма супрацьпаветранай абароны стаіць на вежы, такія ж былі раней заўважаныя ў Маскоўскай вобласці. Журналісты таксама вывучылі спадарожнікавыя здымкі на сэрвісе Planet.com за мінулыя месяцы і прыйшлі да высновы, што ўстаноўка СПА ля рэзідэнцыі Пуціна на Валдаі з'явілася ў сакавіку 2024 года. Прыкладна за тры кіламетры ад гэтай жа рэзідэнцыі стаяць яшчэ два падобныя на СПА аб'екты.

У студзені 2023 года «Агенцтва» паведаміла, што комплекс «Панцыр-С1» паставілі ў вёсцы Яшчарава ў Наўгародскай вобласці, гэта за шэсць кіламетраў ад валдайскай рэзідэнцыі Пуціна. 

Сістэму СПА «Панцыр-С1» за дзесяць кіламетраў ад рэзідэнцыі Пуціна ў Нова-Агарове на спадарожнікавых здымках заўважыла раней выданне «Сірэна». Кадры былі знятыя ў пачатку студзеня 2023 года.

Яшчэ некалькі сістэм СПА былі выяўленыя прыкладна за два кіламетры ад аэрадрома «Астаф'ева», які належыць Мінабароны Расіі, а таксама недалёка ад меркаванай рэзідэнцыі Пуціна ля Краснай паляны ў Краснадарскім краі.

Nashaniva.com