Віцебская сям'я знайшла зніклага сваяка праз 25 год

50-гадовы мужчына 25 год без пашпарта і ведання таго, хто ён, правеў у псіхіятрычнай бальніцы. Яму дапамаглі судмедэксперты.

16.07.2024 / 09:42

Судовыя эксперты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці дапамаглі ўстанавіць асобу пацыента бальніцы, які не меў пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Больш за дваццаць гадоў таму ў псіхіятрычную бальніцу паступіў малады мужчына без якіх-небудзь дакументаў, які назваў даволі бедныя звесткі пра сябе: прозвішча, імя і год нараджэння, як пасля аказалася, не дакладныя. Іншыя звесткі, у тым ліку месца жыхарства, у сілу свайго псіхічнага здароўя пацыент паведаміць не мог. Пошук сваякоў поспехам не ўвянчаліся. 

У 2024 годзе даныя генатыпу пацыента змясцілі ў банк даных ДНК Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. 

Пры праверцы па базе высветлілася, што яго генетычныя характарыстыкі адпавядаюць генетычным характарыстыкам жыхара Віцебскай вобласці, 1945 года нараджэння. Пацыент бальніцы і названы грамадзянін маглі зʼяўляцца сваякамі першага парадку — бацькам і сынам. 

Пацвердзіць або выключыць сваяцтва мужчын магла б генетычная экспертыза, аднак жыхар Віцебскай вобласці памёр 9 гадоў таму, у той час як у яго засталіся дзеці. Адзін яго сын, які пакутаваў на псіхічнае захворванне, знік без вестак у 1998 годзе. У рамках вышуковай справы ў бацькі зніклага 15 гадоў таму адабралі біялагічныя ўзоры і змясцілі генетычныя характарыстыкі ў базу даных ДНК. Яго генетычныя характарыстыкі і супалі ў базе з генатыпам пацыента магілёўскай бальніцы. 

Для правядзення судовай генетычнай экспертызы адабраны біялагічныя ўзоры ў 40-гадовага сына памерлага бацькі. 

Па выніках экспертызы, устаноўлена, што пацыент псіхіятрычнага шпіталя і 40-гадовы жыхар Віцебскай вобласці з высокай ступенню верагоднасці зʼяўляюцца біялагічнымі сваякамі і могуць быць роднымі братамі. 

Такім чынам, вынікі экспертызы дапамаглі не толькі ўстанавіць асобу пацыента бальніцы — ім аказаўся ўраджэнец Віцебскай вобласці, 1973 года нараджэння, але адыгралі вельмі важную ролю ў далейшым жыцці мужчыны.

Праз 25 гадоў чалавек зноў здабыў сямʼю — сваякі забралі яго з лякарні дадому.

Nashaniva.com