На Валожыншчыне блаславілі новы помнік на магіле святара, якога забілі камсамольцы ў 1950 годзе

13 ліпеня ў парафіі Адведзінаў найсвяцейшай панны марыі ў Вішневе (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адбылося бласлаўленне новага помніка айцу Станіславу Міхальскаму, езуіту які загінуў мучаніцкай смерцю, паведамляе Catholic.by.

16.07.2024 / 08:37

Айцец Станіслаў служыў у Вішневе з 1944 года. Тут ён прыняў мучаніцкую смерць ад рук камсамольцаў у 1950 годзе, напярэдадні Раства. Святар належаў да ордэна езуітаў і вызваўся быць скіраваным на тэрыторыі, дзе ў той час не хапала святароў, у межах так званай «Усходняй місіі» Віленскай дыяцэзіі неўзабаве пасля свайго святарскага пасвячэння.

На бласлаўленне помніка былі запрошаныя некалькі святароў.

Бласлаўленню помніка папярэднічала святая Імша, на пачатку якой сваім сведчаннем падзяліўся ксёндз Артур Ляшнеўскі.

«Дзякуючы айцу Станіславу нарадзілася маё святарскае пакліканне. Памятаю з дзяцінства, як бабуля прыводзіла мяне на яго магілу, і мы разам з ёй маліліся аб новых пакліканнях.Таксама яна распавядала аб тым, якім чалавекам быў айцец Міхальскі, таму ён стаў для мяне прыкладам добрага святара.

Бабуля расказала, як айцец Станіслаў, каб дапамагчы маёй прабабулі з дзецьмі, якая засталася ўдавой, калі яе мужа забілі камуністы, падклаў пад абрус падчас адведзінаў усе грошы, якія сабраў на рамонт касцёла. Дзякуючы гэтаму мая сям’я выжыла», — падкрэсліў ксёндз Артур.

Напрыканцы святой імшы ксёндз Артур зноў звярнуўся да вернікаў, просячы не забывацца пра добрую традыцыю, якая склалася ў Вішневе, «каб магіла айца Станіслава заўсёды была месцам малітвы аб святых пакліканнях».

Nashaniva.com