Латушка: Я магу баяцца піць ваду ці каву ў грамадскіх месцах

Павел Латушка даў інтэрв'ю польскаму парталу Onet.pl, у якім расказаў пра дзейнасць беларускіх спецслужбаў за мяжой і пра небяспеку ў сувязі з гэтым для сябе асабіста.

15.07.2024 / 20:44

«Беларускае тэлебачанне запісала прапагандысцкі фільм пра тое, як мяне вязуць з Польшчы ў Беларусь у багажніку. У даркнэце з'явіўся заказ на мяне, за забойства Паўла Латушкі хтосьці прапаноўваў 30 тыс. еўра. Ведаючы гэтыя метады, як яны працуюць, я магу баяцца піць ваду ці каву ў грамадскіх месцах. Пра гэта мне расказаў адзін з былых афіцэраў службы Лукашэнкі. Гэта паказвае, што рэжымныя службы вельмі актыўна працуюць у гэтай частцы Еўропы», — сказаў Латушка.

Паводле ягонай інфармацыі, у 2020 годзе ў Беларусі была створана група, задачай якой было «ліквідаваць лідараў дэмакратычных сіл за межамі краіны».

«Я таксама ведаю, што ў Галоўным разведвальным упраўленні КДБ было створана спецпадраздзяленне для дзейнасці ў Польшчы і Літве і барацьбы з беларускай апазіцыяй у гэтых краінах», — паведаміў польскаму выданню Латушка.

Таксама палітык згадаў той факт, што ў канцы лютага бягучага года Лукашэнка правёў публічную сустрэчу з міністрам абароны, міністрам унутраных спраў і міністрам-каардынатарам спецслужбаў, падчас якой паведаміў, што ў найбліжэйшыя месяцы ў Польшчы будуць праводзіцца дыверсійныя аперацыі.

«Безумоўна, на ягоную думку, гэта будуць фальшывыя дзеянні, да якіх Беларусь не будзе мець дачынення, але ўсе мы ведаем, што пастаянна назіраем спробы дыверсій у Польшчы і Літве. Нядаўна таксама зʼявілася інфармацыя, што група з 5-7 спецыяльна падрыхтаваных снайпераў павінна была дабрацца да Польшчы і Літвы», — расказвае ён.

Латушка кажа, што сам стаў абʼектам нападаў. Раней нават былі загады яго забіць.

Якімі будуць выбары 2025 года? Разважаюць Вячорка, Латушка і Шрайбман

«Пазваніў міністр: Анжаліка, куды ты лезеш?» Былая топ «Кока-Колы» расказвае, як стала спікеркай Каардынацыйнай рады

Латушка: Лукашэнка склікаў закрытае пасяджэнне Рады бяспекі для абмеркавання патрабаванняў Польшчы

Nashaniva.com