У гонар беларускага байца назвалі вуліцу ва ўкраінскім Канатопе
Іван Марчук загінуў два гады таму ў баях пад Лісічанскам.
13.07.2024 / 14:35
У гонар загінулага байца Палка Каліноўскага Івана Марчука «Брэста» названая вуліца ў Канатопе Сумскай вобласці, паведамляе Полк Каліноўскага ў сваім тэлеграм-канале.
Іван «Брэст» Марчук загінуў два гады таму, 26 чэрвеня 2022 года, пад Лісічанскам.
Тады батальён «Волат» Палка Каліноўскага браў удзел у баях пад Лісічанскім. Там група беларусаў сутыкнулася з калонай расійскіх войскаў і дала бой.
«Накрылі ўсіх. Частка беларусаў разам з «Брэстам» прыкрыла адыход іншай групы, «Брэста» сур'езна параніла ў нагу і галаву, у гэтым баі ён знішчыў як мінімум адзін танк», — расказваў «Нашай Ніве» адзін са сведкаў боя.
Апошнім паведамленнем загінулага Івана Марчука было: «На нас едзе танк. Адпрацаваў па ім».