Чацвёра пацярпелых у ДТЗ пад Брэстам трапілі ў рэанімацыю

Трое дзяцей і іх маці пасля сутыкнення мікрааўтобуса з грэйдарам пад Брэстам змешчаныя ў рэанімацыю, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

12.07.2024 / 20:03

Скрыншот з відэа

Медыкі ўдакладнілі, што ўсяго ў выніку аварыі, якая адбылася каля вёскі Братылава за тры кіламетры ад Брэста, пацярпелі восем чалавек, шасцёра з іх — дзеці.

Усе пацярпелыя былі дастаўленыя брыгадамі хуткай дапамогі ў Брэсцкую абласную клінічную бальніцу і Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу.

«Чацвёра пацярпелых (1 дарослы і 3 дзяцей) шпіталізаваныя ў рэанімацыйныя аддзяленні. Яшчэ адно дзіця — у артапеда-траўматалагічнае аддзяленне. Яго стан ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці», — гаворыцца ў паведамленні ў тэлеграм-канале ведамства.

У міністэрстве ўдакладнілі, што шпіталізацыя не спатрэбілася траім пацярпелым, ім аказалі дапамогу ў прыёмных аддзяленнях.

Аварыя пад Брэстам адбылася сёння днём. 52-гадовы кіроўца, кіруючы грэйдарам, сутыкнуўся з мікрааўтобусам Mercedes-Benz пад кіраваннем 29-гадовага мужчыны. Ад удару мікрааўтобус з'ехаў у левы кювет і перакуліўся. У ДТЗ пацярпелі пасажыры аўто — 27-гадовая жанчына і шэсць яе дзяцей (ва ўзросце ад 10 месяцаў да 8 гадоў).

Пад Брэстам бус сутыкнуўся з грэйдарам — пацярпелі жанчына і шэсць яе дзяцей

На 38-км МКАД перакуліўся грузавік

У Баранавічах кіроўца выехала на тратуар і збіла дзвюх жанчын ды немаўля ў вазку

Nashaniva.com