«Няўжо мы, вернікі Беларусі, заслужылі такое пакаранне?» Парафія зачыненага Чырвонага касцёла звярнулася да Наталлі Пяткевіч
Камітэт парафіі Святога Сымона і Святой Алены (Чырвоны касцёл) у Мінску 11 ліпеня апублікаваў адкрыты ліст да нядаўна прызначанай першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі Наталлі Пяткевіч. Яны просяць чыноўніцу дапамагчы вярнуць храм.
12.07.2024 / 12:56
У лісце, напісаным на рускай мове, каталікі, распавядаюць чыноўніцы аб сітуацыі з Чырвоным касцёлам, які зачынены ўжо амаль два гады «на падставе рамонту храма, які не патрабуе яго і не пацярпеў ад узгарання», а аднаўленчыя работы ў прыбудове, дзе было ўзгаранне, да гэтага часу не вядуцца:
«Мы, вернікі, адукаваныя людзі — усё разумеем! Але нам крыўдна і балюча назіраць, як у гістарычным шматпакутным Доме Божым няма набажэнстваў, малітваў. Няўжо мы, вернікі Беларусі, заслужылі такое пакаранне? Хіба вы чулі калі-небудзь недружалюбныя выказванні ад вернікаў на адрас дзяржавы?»
Паведамляецца, што касцёл прыходзіць у заняпад, адзначаюць у парафіі. Архітэктурны шэдэўр, візітоўка сталіцы не праветрываецца ўвесь гэты час. Таму адтуль чутны пах рэчаў, якія псуюцца. На цокальным паверсе быў прарыў вадаправода — ідзе пах гнілі, піша katolik.life.
Акрамя таго, абсыпалася тынкоўка на столі і сценах, гніюць фіранкі, дываны, псуюцца кнігі ў бібліятэцы (каля 60 тысяч), іконы, карціны, невядома ў якім стане дарагі арган.
***
У канцы верасня гэтага года споўніцца два гады, як касцёл святых Сымона і Алены закрыты ўладамі. Храм адключаны ад камунікацый, парафію прымусілі забраць сваю маёмасць.
Улады расказалі, чаму дагэтуль не пачалі рэканструкцыю Чырвонага касцёла
Без святла, вады і храма жыве ў Мінску Капелан Папы Рымскага
Дзе пахаваныя Сымон і Алена, у гонар якіх названы Чырвоны касцёл