Абраннік Маргарыты Ляўчук расказаў, як пазнаёміўся з ёй і даведаўся пра дзіця

«Мне Марго зрабіла падарунак на Дзень святога Валянціна».

12.07.2024 / 13:13

Руслан Карнійка і Маргарыта Ляўчук. Скрын відэа: CulturalForcesMusic /YouTube

Некалькі месяцаў назад у Харкаве оперная спявачка Маргарыта Ляўчук узяла шлюб з украінскім вайскоўцам Русланам Карнійкам.

Руслан цяпер прымае ўдзел у абароне Харкава. Ён камандзір аддзялення зянітна-ракетнага артылерыйскага ўзводу. Яго задача — збіваць «Шахеды».

Як расказаў сам Руслан ютуб-каналу Cultural Forces Music, ён сустрэўся з Маргарытай ва Украіне, талі тая была ў паездцы разам з Культурным дэсантам (гэта група артыстаў, якія падтрымліваюць вайскоўцаў на фронце і даюць для іх канцэрты).

«Знаёмая папрасіла ад яе перадаць прывітанне Марго. Вось так і атрымалася. Таму мы ёй вельмі ўдзячныя і заўсёды перадаём прывітанне. Мы з ёй часта камунікуем і дзякуем, што яна нас злучыла», —

з усмешкай расказаў мужчына.

Цяпер пара чакае дзіця. Руслан Карнійка згадвае, як даведаўся пра тое, што будзе бацькам:

«Мне Марго зрабіла падарунак на Дзень святога Валянціна. Я ўбачыў тэст на цяжарнасць з дзвюма рыскамі. Гэта быў пераломны момант, калі ты разумееш, наколькі вялікая на табе адказнасць. Наколькі гэты чалавек табе дарагі. Наколькі ты гэтага ўсё жыццё хацеў, але нават пра гэта не здагадваўся. Дзіця — гэта шчасце. Каханне — шчасце. І шчасце — блізкі чалавек каля цябе».

Сама Маргарыта на пытанне, як назавуць дзіця, адказала, што пакуль не ведае. Але заўважыла:

«Я думаю, што народзіцца класнае дзіця, бо яго бацька — сапраўдны ўкраінец. Я думаю, што ён сапраўдны герой. І я такая рэвалюцыянерка, апазіцыянерка. Думаю, што я сапраўдная жонка, сапраўдная беларусачка. І я думаю, што ў выніку такога сімбіёзу будзе бімба-бомба».

Маргарыта Ляўчук выйшла замуж і чакае дзіця

Маргарыта Ляўчук выставіла гарачыя ФОТА з маладым чалавекам 

Маргарыта Ляўчук знайшла, як вырашыць праблемы з прысудам у Беларусі

Nashaniva.com