Атрымаць пасылку на пошце зараз можна будзе без дакументаў
Забраць пасылкі можна будзе, не паказваючы пашпарт або іншы дакумент.
11.07.2024 / 15:27
Для кліентаў беларускай пошты даступная новая паслуга — атрыманне пасылак па QR-кодзе, паведамілі ў «Белпошце».
Ёю могуць скарыстацца толькі фізічныя асобы. Пры дапамозе QR-кода можна атрымліваць паштовыя адпраўленні без прад'яўлення пашпарта.
Выключэнне — паштовыя грашовыя пераводы.
Для хуткага атрымання паштовых адпраўленняў па QR-коду трэба зрабіць наступнае:
— спампаваць і ўсталяваць мабільны дадатак «Белпошты» ў App Store або Google Play,
— унесці ў дадатак звесткі дакумента, які пацвярджае асобу, і прайсці ідэнтыфікацыю,
— калі чакаеце пасылку, можна яе адсачыць у мабільным дадатку,
— пасля адлюстравання ў асабістым кабінеце статусу пасылкі «да выдачы», звярнуцца ў аддзяленні паштовай сувязі,
— паведаміць работніку, што хочаце атрымаць адпраўленне па QR-коду,
— паказаць для сканавання QR-код, адлюстраваны ў мабільным дадатку ў рэжыме «адсочвання» або ў раздзеле «Профіль «(кнопка «Мой ID»)
— распісацца ў атрыманні і забраць сваё адпраўленне.
QR-код абнаўляецца аўтаматычна пры ўваходзе ў асабісты кабінет.
Калі ў мабільным дадатку адлюстраваўся статус «да выдачы», можна атрымаць сваю пасылку, не чакаючы папяровага паведамлення.