У цэнтры Мінска знайшлі чалавечыя парэшткі. Каму яны належаць?
Чытач выдання «Анлайнер» Арцём проста выйшаў прагуляцца на абед, а вярнуўся адтуль з уражваючымі фатаграфіямі. На месцы працы будаўнікоў хлопец выявіў чалавечыя парэшткі: галёначную костку і рэшткі чэрапаў. Адкуль гэта ўсё ў цэнтры горада?
10.07.2024 / 21:22
Уражлівыя знаходкі былі выяўленыя ў раёне Старажоўкі. Арцём расказвае падрабязнасці:
«Яшчэ ўчора на іншым канцы сквера я выявіў адну костачку на месцы будаўнічых работ. Яна была падобная да чалавечай, але стопрацэнтнай упэўненасці не было. Сёння на тым жа месцы раскапалі больш: галёначная костка, асколак чэрапа — маленькі, магчыма немаўляці.
А бліжэй да моладзевага тэатра падчас прагулкі я ўжо выявіў паўнавартасны чэрап. Вачніцы, зубы, усе справы — проста пасярод тратуара. Падышоў да будаўнікоў, кажу, маўляў, мужыкі, у вас тут косткі чалавечыя. Яны адказваюць: «Ну, мы ведаем…» — і працягваюць абедаць».
Далей хлопец выклікаў міліцыю, даў паказанні і пайшоў дадому.
Пра тое, што парэшткі, хутчэй за ўсё, старыя, Арцём здагадваецца: раней раён Старажоўкі быў ускраінай горада і там размяшчаліся могілкі. Але тое, што на месцы старажытных пахаванняў цяпер пракладаецца дрэнажная сістэма, крыху не ўкладаецца ў хлопца ў галаве.
«Падвезлі шмат труб, мяркуючы з усяго, капаць працягнуць. Плюс да ўсяго ў міліцыі сказалі, што косткі забяруць на экспертызу, а пасля проста ўтылізуюць, без усялякіх перапахаванняў. Ды і проста гэта неяк дзіўна: людзі ходзяць, чалавечыя косткі ляжаць, і ўсім абыякава».
Па адказы на пытанні выданне звярнулася да кандыдата гістарычных навук Сяргея Бусько. Той пацвердзіў: парэшткі са старажытных могілак. Толькі вось якіх менавіта — трэба разбірацца.
«На тэрыторыі сучаснай Старажоўкі было адразу двое буйных могілак. Адны — праваслаўныя, дзе хавалі гараджан на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў. Яны знаходзяцца бліжэй да царквы Марыі Магдаліны — хутчэй за ўсё, хлопец знайшоў парэшткі менавіта з яго. Другія могілкі размешчаныя крыху далей, яны былі вайсковымі, размяшчаліся побач з тэрыторыяй вайсковага лазарэта, і там хавалі загінулых салдат часоў Першай сусветнай».
У сямідзясятыя гады, адзначае гісторык, гэтую тэрыторыю ўжо перакапалі ўздоўж і ўпоперак, каб забудаваць новымі дамамі. Але мабыць, нейкія магілы сышлі глыбей у грунт, і толькі цяпер экскаватар дабраўся да іх.
Таксама Сяргей супакойвае Арцёма:
«Як мінімум на час экспертызы любыя будаўнічыя работы будуць спыненыя і капаць далей ніхто не будзе. А ўсе знойдзеныя парэшткі падлягаюць перапахаванню. Што тычыцца менавіта гісторыка— археалагічнай каштоўнасці, то на месцы раскопак вайсковых могілак могуць быць знойдзеныя каштоўныя ўзнагароды, а на месцы гарадскіх — нацельныя крыжыкі і іншыя прадметы побыту».
У цэнтры Мінска падчас планавых работ выявілі надмагіллі XIX стагоддзя
На старых габрэйскіх могілках у Лёзненскім раёне з'явіўся помнік незвычайнай формы
На могілках у Смаргоні згарэла старадаўняя капліца
Што за незвычайныя магілы рабілі на Палессі?