Даўгі беларусаў па спажывецкіх крэдытах перавысілі 8 мільярдаў рублёў

Новыя лічбы ў 8,1 мільярда рублёў прывёў член праўлення Нацбанка Аляксандр Шаўко на круглым стале па законапраекце аб спажывецкіх крэдытах, піша Myfin.by. Раней Нацбанк паведамляў пра 6,2 мільярда рублёў за першыя 5 месяцаў 2024 года.

10.07.2024 / 17:12

«Цяпер ідзе бурны рост у нас, пачынаючы з лютага. Тэмпы гадавога прыросту запазычанасці па спажывецкіх крэдытах перавышаюць 40%. Гэта вельмі высокі ўзровень… Гэта пік, якога ў нашай краіне ўжо не было дастаткова доўга», — адзначыў прадстаўнік Нацбанка.

Шаўко растлумачыў, што крэдыты сталі больш даступнымі: сярэдняя стаўка складае 9,6%. Стымулюе крэдытаванне і тое, што грошы ў многіх банках можна пазычыць анлайн, не выходзячы з дома.

Мікрапазыкі таксама папулярныя ў беларусаў. Шаўко паведаміў, што ў мінулым годзе сярэдняя працэнтная стаўка па такіх крэдытах складала 1% у дзень, а ў 96% выпадкаў грошы выдаваліся на тэрмін да аднаго месяца.

Спажывецкі крэдыт — гэта грошы на самыя розныя асабістыя патрэбы: ад пакупкі падарунка на дзень нараджэння да набыцця аўтамабіля. 48% такіх крэдытаў бярэцца па схеме авердрафту праз заробкавыя банкаўскія карты. Яшчэ 6% — гэта мэтавыя крэдыты на аўтамабілі.

Яшчэ цікавы факт: узровень пратэрмінаванай запазычанасці — усяго 0,46%, гэта значыць, беларусы пераважна робяць плацяжы па крэдытах своечасова.

Беларусбанк пачаў выдаваць крэдыты на айчынныя тавары пад 4%

Ці можна не плаціць па крэдыце, аформленым на просьбу махляроў?

Прадаюць нават неліквід, а здзелкі з метрам па 2000 даляраў — частая рэч. Эксперты пра тое, што адбываецца з продажам кватэр

Nashaniva.com