Кіраўнік Цэнтра выдачы асабістых дакументаў Літвы адхілены ад пасады пасля расследавання БРЦ
Нерыюс Рудайціс, які ўзначальваў цэнтр выдачы асабістых дакументаў Літвы (ADIC), быў адхілены з пасады пасля расследавання БРЦ пра сувязь з рэжымам Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе БРЦ са спасылкаю на 15min.lt — суаўтараў расследавання. Менавіта гэта фірма стала партнёрам вырабу «пашпарта Новай Беларусі».
10.07.2024 / 11:22
Раней расследавальнікі высветлілі, што літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая друкавала бланкі дакументаў для грамадзян Літвы і абраная для друку пашпартоў «Новай Беларусі», звязаная з фірмай GP Holographics і беларускім бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі.
Зараз праверку ў дачыненні да Garsų pasaulis вядуць адначасова Служба па расследаванні фінансавых злачынстваў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы, піша БРЦ.
Вынікі праверак могуць прывесці да анулявання кантракту Garsų pasaulis з літоўскім МУС. З 2014 года кампанія выйграла ўсе тры тэндары на выраб бланкаў пашпартоў у Літве, апошні з якіх быў у 2022 годзе на суму больш за 30 млн еўра.
Па словах намесніка міністра ўнутраных спраў Літвы Агнеты Ладэк, у выпадку скасавання кантракту з Garsų pasaulis МУС разгледзіць альтэрнатыўныя варыянты друку дакументаў і ўлічыць вопыт Польшчы і Германіі, дзе пашпарты вырабляюць дзяржаўныя кампаніі.