Хто стане новым спікерам Каардынацыйнай рады? Імя фаварыта ўжо вядомае

Андрэю Ягораву дакладна давядзецца саступіць крэсла. Фаварыт на пасаду — Анжаліка Мельнікава.

09.07.2024 / 17:42

Анжаліка Мельнікава, фота з фэйсбука

Выбары спікера пройдуць заўтра, 10 ліпеня. Галасаваць будуць 80 сяброў Каардынацыйнай рады. У каго большая кааліцыя, у таго і больш шанцаў правесці свайго кандыдата на пасаду.

Найбольш месцаў у КР атрымалі прадстаўнікі каманды Паўла Латушкі і руху «За свабоду» — 28. Назіральнікі мяркуюць, што менавіта іх прадстаўнік і будзе спікерам (з улікам саюзнікаў у Латушкі будзе больш за 50% галасоў). Але хто?

Сам Павел Латушка не можа — па правілах нельга сумяшчаць працу ў структурах Ціханоўскай і пасаду спікера КР. Юрый Губарэвіч і Уладзімір Астапенка не падыходзяць з той жа прычыны.

Таму ад каманды збіраюцца вылучаць 37-гадовую Анжаліку Мельнікаву. Яна працуе з Латушкам у Народным антыкрызісным упраўленні.

Анжаліка Мельнікава, фота НАУ

Анжаліка Мельнікава нарадзілася ў Нясвіжы. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Да 2018 года была намесніцай генеральнага дырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», пасля сышла ў дэкрэтны адпачынак. У 2020 яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, у выніку сям'я з'ехала з Беларусі.

«Ёсць здольнасці і жаданне. Думаю, што добра справіцца», — коратка патлумачыў выбар на карысць Мельнікавай Губарэвіч.

Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады 2 склікання. Фота: тэлеграм-канал КР / Арцём Прыпісноў

Цяперашні спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў кажа, што іх каманда (13 месцаў у КР) вырашыла не вылучаць кандыдата на спікера і віцэ-спікера. Хаця дыскусія яшчэ ідзе.

Новым спікерам, на думку Ягорава, будзе хтосьці са спісу Латушкі.

Курэйчык патлумачыў, у чым галоўная перавага Каардынацыйнай рады новага склікання над старым складам

Разборкі ў КР працягваюцца: Латушка з пазіцыі сілы змяняе статут КР, блок Пракоп’ева супраціўляецца 

Латушка пра разборкі ў КР: «Ягораў паставіў ультыматум: альбо мы з яго блокам, або яны будуць нас атакаваць»

Nashaniva.com